Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2018/02/01/940851_940852/
Дата раздрукоўкі: 10.12.2019 17:53
01.02.2018 13:46 Грамадства

Лукашэнка: Дзяржбяспека сёння для Беларусі перш за ўсё звязана з эканомікай

Мінск, 1 лютага. Дзяржбяспека сёння для Беларусі перш за ўсё — эканамічная бяспека, заявіў Аляксандр Лукашэнка 1 лютага на сустрэчы са старшынёй КДБ Валерыем Вакульчыкам.

"КДБ таксама надае вялікую ўвагу гэтай працы, хоць асноўным дзеячам у гэтай сферы з'яўляецца Камітэт дзяржкантролю", — цытуе кіраўніка дзяржавы яго прэс-служба.

Лукашэнка падзякаваў КДБ за "добрую працу ў сферы барацьбы з карупцыяй". "За што я хачу вам падзякаваць, можа быць, гэта не толькі ваша функцыя, — за працу ў кірунку антыкарупцыйнай дзейнасці. Ніхто больш чым КДБ сёння ў гэтым плане не зрабіў. Асабліва па пытаннях значных злачынстваў у сферы карупцыі", — сказаў кіраўнік дзяржавы.

"Карупцыя — гэта іржа. Што б мы ні рабілі ў грамадстве, якія б у нас ні былі законы, дзяржаўны лад, эканоміка якая б прасунутая ні была, але калі карупцыя, як у некаторых вядомых нам дзяржавах, зашкальвае, калі супраць яе не змагаюцца, ніякага прасоўвання і развіцця краіна не атрымае. Таму карупцыя — гэта страшная іржа, супраць якой трэба змагацца. Вельмі шкада, што некаторыя ведамствы, якія гэтым займаюцца, не выйшлі на ваш узровень. Але гэта ўжо маё пытанне. Я ўжо дацягну іх да ўзроўню эфектыўнай барацьбы, як у вас гэта функцыянуе. Гэта мы падправім", — заявіў Лукашэнка.

"Вы працуеце і з пракуратурай, і з МУС, і са Следчым камітэтам, але ўсё-такі ў вас гэта праца ідзе больш сумленна. З вамі не дамовішся. З вамі ні адзін злачынец, я так мяркую, не дамовіцца. Бязлітасная барацьба з карупцыяй — гэта абарона нашай дзяржавы ад прамога развалу і ўнутранага супрацьстаяння. Таму што народ трываць карупцыю не будзе. Гэта абавязкова прывядзе да нейкіх узрушэнняў. Хай не кардынальных і рэвалюцыйных, але ўладзе цяжка будзе працаваць, калі краіна карумпаваная", — дадаў ён.

Паводле слоў Лукашэнкі, вельмі важная лінія працы КДБ — разведка і контрразведка. "Гэта самыя важныя кірункі дзейнасці КДБ. Вельмі востра сёння стаіць пытанне барацьбы з тэрарызмам — найважнейшы кірунак процідзеяння. Ну і бяспекf нашых грамадзян — гэта не толькі некаму па руках надаваць, хто сябе дрэнна паводзіць на людзях, на вуліцы і гэтак далей", — сказаў кіраўнік дзяржавы.

Ён падкрэсліў асаблівую ролю КДБ у арганізацыі бяспекі краіны. "Нас многія крытыкуюць, што мы, як рэтраграды, пакінулі старую назву КДБ. Але сёння ўжо многія, мы так публічна не абмяркоўваем, але пры абмеркаванні з маімі калегамі я бачу, што яны нам зайздросцяць. Зайздросцяць не таму, што мы захавалі традыцыі. Хоць гэта таксама вельмі важна. Нам саромецца старога няма чаго. Да нас прэтэнзіі — да чэкістаў — выставіць цяжка. Па-першае, мы былі часткай сістэмы, і тым не менш бязладдзя ў нас у Беларусі заўсёды было менш. Таму я шчыра і адкрыта пра гэта сказаў: нам саромецца няма чаго", — заявіў Лукашэнка.

"Камітэт дзяржаўнай бяспекі — гэта самая дакладная назва цяпер, у сучасным свеце. Можна службамі называць, але мы з-за тых тэндэнцый, якія ў свеце адбываюцца, захавалі, і гэта вельмі актуальна, гэта назва. Мы забяспечваем дзяржаўную бяспеку па ўсіх кірунках", — падкрэсліў афіцыйны беларускі лідар.
Марына Носава, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2019 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН