Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2018/02/01/940881_940882/
Дата раздрукоўкі: 18.09.2019 20:44
01.02.2018 14:49 Грамадства

Дэлегацыя СК Беларусі наведала Акадэмію ФБР у Куанціка

Мінск, 1 лютага. Следчы камітэт Беларусі "адназначна зацікаўлены ў абмене інфармацыяй з амерыканскімі калегамі аб метадах барацьбы са злачыннасцю, вывучэнні назапашанага ФБР ЗША вопыту расследавання злачынстваў і прымянення найноўшых дасягненняў навукі і тэхнікі". Пра гэта заявіў старшыня Следчага камітэта Іван Наскевіч 1 лютага падчас наведвання Акадэміі ФБР (Куанціка, штат Вірджынія, ЗША), паведамляе прэс-служба СК.

Наскевіч таксама выказаў гатоўнасць падзяліцца напрацоўкамі СК па расследаванні розных катэгорый крымінальных спраў.

Беларускай дэлегацыі расказалі пра гісторыю стварэння Акадэміі ФБР і пра сучасныя праграмы падрыхтоўкі спецыялістаў. У іх ліку — "Удасканаленне кіраўніцтва праваахоўных органаў" (праграма павышэння кваліфікацыі кіраўнікоў падраздзяленняў праваахоўных органаў краіны, якія маюць сярэднюю колькасць); "Хоганс Элі" (трэніровачны комплекс, выкананы ў выглядзе невялікага горада, дзе будучыя агенты вывучаюць методыку расследавання злачынстваў, адточваюць майстэрства валодання зброяй і навучаюцца тактыцы вядзення абарончых дзеянняў); "Агнястрэльная зброя" (у рамках праграмы агенты вучацца бяспечна і эфектыўна абыходзіцца са зброяй, якая выкарыстоўваецца ў дзейнасці ФБР); "Цэнтр тактычнага і экстранага кіравання"; "Майстэрства выжывання" (праграма, закліканая навучыць будучых агентаў і афіцэраў праваахоўных органаў навыкам і мысленню, неабходным для вырашэння крытычных сітуацый сярод павышанай рызыкі).

Беларуская дэлегацыя таксама наведала размешчаную на тэрыторыі акадэміі бібліятэку ФБР, дзе захоўваюцца актуальныя выданні праваахоўнай тэматыкі, аўдыявізуальныя матэрыялы, юрыдычныя публікацыі, урадавыя дакументы, перыядычныя выданні і анлайн-рэсурсы з усяго свету.

Прадстаўнікі Беларусі і ЗША вызначылі прыярытэтныя кірункі развіцця двухбаковага супрацоўніцтва.
Марына Носава, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2019 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН