Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2018/02/01/940929_940930/
Дата раздрукоўкі: 08.12.2019 23:14
01.02.2018 16:55 Грамадства

Следства высвятляе акалічнасці траўмавання на ферме ў Зэльвенскім раёне дзевяцігадовага хлопчыка, у выніку чаго ён пазбавіўся нагі

Мінск, 1 лютага. У Зэльвенскім раёне высвятляюцца акалічнасці траўмавання дзевяцігадовага хлопчыка.

Як паведаміў БелаПАН афіцыйны прадстаўнік упраўлення Следчага камітэта па Гродзенскай вобласці Сяргей Шаршаневіч, 6 снежня 2017 года каля 18.30 на малочна-таварнай ферме сельскагаспадарчага філіяла абласнога прадпрыемства знаходзіўся хлопчык 2008 года нараджэння. Ён прыйшоў разам бацькам, які там працуе.

Застаўшыся ў памяшканні без кантролю з боку дарослых, дзіця спатыкнулася і ўпала. У выніку нага хлопчыка трапіла ў стужку транспарцёра гноевыдалення і была заціснутая паваротнай зорачкай.

Дзіця аператыўна даставілі спачатку ў раённую, а затым у абласную бальніцу, аднак ўскладненні, якія развіліся ў яго, і ўзніклая пагроза жыццю абумовілі неабходнасць ампутацыі ніжняй канечнасці. Хлопчык ужо выпісаны з медыцынскай установы.

Па выніках судова-медыцынскай экспертызы, праведзенай спецыялістамі ўпраўлення Дзяржаўнага камітэта судовых экспертыз па Гродзенскай вобласці, атрыманыя пацярпелым цялесныя пашкоджанні аднесены да катэгорыі цяжкіх.

Следчыя агледзелі месца здарэння, апыталі кіраўнікоў і работнікаў не толькі малочна-таварнай фермы, але і сельскагаспадарчага філіяла ў цэлым, вывучылі дакументацыю па пытаннях аховы працы і тэхнікі бяспекі, правялі іншыя працэсуальныя дзеянні.

У выніку Зэльвенскім раённым аддзелам Следчага камітэта прынята рашэнне аб распачынанні справы ў дачыненні да 52-гадовай загадчыцы малочна-таварнай фермы па факце службовай халатнасці, якая мела вынікам па неасцярожнасці цяжкія наступствы (арт. 428 КК) і якая выявілася ў допуску старонніх у памяшканне фермы, а таксама ў непрыняцці мер па абсталяванні транспарцёра гноевыдалення ахоўным кажухом.

Канчатковая прававая ацэнка дзеянням загадчыцы будзе дадзена пасля завяршэння расследавання.

Акрамя таго, следчыя кваліфікуюць дзеянні бацькі пацярпелага хлопчыка, а таксама прымуць меры для ліквідацыі прычын і ўмоў, якія садзейнічалі трагічнаму выпадку.
Вячаслаў Будкевіч, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2019 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН