Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2018/02/02/941042_12345/
Дата раздрукоўкі: 09.12.2019 04:30
02.02.2018 14:03 Палітыка, Эканоміка

Беларусь прапаноўвае распрацаваць агульную праграму лічбавай трансфармацыі ЕАЭС

Мінск, 2 лютага. Беларусь прапаноўвае распрацаваць агульную праграму лічбавай трансфармацыі Еўразійскага эканамічнага саюза. З такой ініцыятывай 2 лютага ў Алматы (Казахстан) на пленарнай сесіі міжнароднага форуму "Лічбавая праблематыка ў эпоху глабалізацыі" выступіў прэм'ер-міністр Беларусі Андрэй Кабякоў, паведамляе прэс-служба ўрада.

У працы форуму бяруць удзел прэм'еры Арменіі, Беларусі, Казахстана, Кыргызстана, Расіі, Узбекістана, прадстаўнікі афіцыйных дэлегацый Азербайджана і Таджыкістана, шэрагу буйных міжнародных IT-кампаній.

На думку Кабякова, скаардынаваныя дзеянні ў рамках вырашэння агульнай лічбавай праблематыкі дазволяць ЕАЭС "замацавацца на лідарскіх пазіцыях ў маштабе Еўразійскага кантынента і ў свеце".

Прэм'ер прапанаваў разгледзець пытанне аб інтэграцыі лічбавай інфраструктуры краін ЕАЭС, якая прадугледжвае ўвядзенне адзіных стандартаў і агульнае кіраванне фізічнай інфраструктурай. Таксама ён прапанаваў пачаць пераход ад ўзгодненай палітыкі ў лічбавай сферы да адзінай стратэгіі краін ЕАЭС. "Мы бачым, што на практыцы нашы краіны маюць не толькі розную хуткасць, але часам і розны напрамак пераўтварэнняў. Гэта датычыцца і развіцця лічбавай эканомікі, і заканадаўства. Замест аб'яднання намаганняў мы, у лепшым выпадку, рухаемся паралельным курсам", — сказаў Кабякоў.

Кіраўнік урада Беларусі падкрэсліў, што сумесная лічбавая трансфармацыя ў ЕАЭС павінна суправаджацца "канкрэтнымі мерапрыемствамі і тэрмінамі іх рэалізацыі". На яго думку, толькі ў гэтым выпадку можна казаць пра "сапраўдную, а не дэкларатыўную інтэграцыю ў лічбавай сферы".

Ён нагадаў, што раней кіраўнікі дзяржаў ЕАЭС ухвалілі заяву аб лічбавай праблематыцы саюза і вызначылі асноўныя напрамкі яе вырашэння. "Але практычная рэалізацыя ідзе, прама скажам, вельмі цяжка", — канстатаваў Кабякоў. Пры гэтым, падкрэсліў ён, на нацыянальным узроўні ўдзельнікі саюза ў гэтым плане робяць многае.
Захар Шчарбакоў, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2019 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН