Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2018/02/02/941065_12345/
Дата раздрукоўкі: 27.05.2019 06:42
02.02.2018 13:08 Грамадства, Эканоміка

Лукашэнка чакае ад беларускіх вучоных "адкрыццяў на мяжы немагчымага"

Мінск, 2 лютага. Дзяржава нямала зрабіла для развіцця айчыннай навукі, заявіў Аляксандр Лукашэнка 2 лютага ў Мінску на цырымоніі ўручэння дыпломаў акадэмікаў, членаў-карэспандэнтаў Нацыянальнай акадэміі навук, дактароў навук і прафесарскіх атэстатаў навуковым і навукова-педагагічным работнікам, паведамляе прэс-служба кіраўніка дзяржавы.
Ён адзначыў, што прапановы дзеячаў навуковай сферы былі пачутыя. У прыватнасці, падрыхтаваны шэраг дакументаў, накіраваных на павышэнне сацыяльнага статусу навуковых работнікаў і стварэнне спрыяльнага асяроддзя для інтэлектуальнай дзейнасці. "Лічу, што гэтыя рашэнні будуць добрым стымулам для актывізацыі навуковай дзейнасці, дазволяць паўней раскрыць таленты нашых навукоўцаў і прыцягнуць моладзь у гэтую вельмі важную сферу", — сказаў Лукашэнка.

"Мы маем права чакаць ад вас адкрыццяў на мяжы немагчымага, у гэтым сэнс навукі, — заявіў кіраўнік дзяржавы. — З гэтага моманту вы пачынаеце жыць у новай прафесійнай рэальнасці. А гэта значыць — працаваць і заўсёды адпавядаць свайму высокаму званню. Яшчэ важней пакінуць пасля сябе след у выглядзе сваіх вучняў. <...> Вельмі веру ў вас і шчыра жадаю, каб прафесійныя поспехі кожнага ўвайшлі ў гісторыю не толькі беларускай навукі, але і сусветнай".

Беларускі кіраўнік падкрэсліў, што вынікі працы навукоўцаў павінны прымяняцца на практыцы, служыць на карысць людзей і краіны. Адной з ключавых умоў паспяховага развіцця ён назваў інавацыі ў прамысловай і аграрнай сферах, стварэнне новых матэрыялаў і тэхналогій у машынабудаванні і электроніцы, хіміі і біялогіі, медыцыне і фармацэўтыцы.

Асобна ён закрануў тэму даследаванняў у гуманітарнай сферы. "Тут перад вамі — педагогамі, гісторыкамі і сацыёлагамі — няпростая, але важная задача. Сёння многія спрабуюць перапісаць гісторыю. Ніяк не могуць супакоіцца. І вам неабходна годна адказаць на гэты выклік. Пакінуць нашчадкам аб'ектыўнае ўяўленне пра наша жыццё. Аб той гісторыі, якая сапраўды была", — заявіў афіцыйны беларускі лідар.

Лукашэнка адзначыў, што Беларусь зрабіла першы крок у пабудове інтэлектуальнай эканомікі. Ён нагадаў, што на II З'ездзе вучоных была прынята праграма развіцця навукі да 2040 года.

"Менавіта вам, навукоўцам, трэба будзе ажыццяўляць гэтыя ідэі. Вашы здольнасці, інтэлект заслужана прыцягваюць новых паслядоўнікаў, дазваляюць фармаваць і развіваць навуковыя школы, планамерна рыхтаваць маладую змену. Не страцьце гэтае імкненне да навуковага пошуку і творчасці", — заклікаў кіраўнік дзяржавы.
Захар Шчарбакоў, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2019 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН