Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2018/02/02/941091_445812/
Дата раздрукоўкі: 20.03.2019 04:26
02.02.2018 14:27 Грамадства

Беларускія аўтары расійскіх інфармрэсурсаў прызнаныя вінаватымі ў распальванні міжнацыянальнай варожасці

Мінск, 2 лютага. Мінскі гарадскі суд 2 лютага прыгаварыў трох беларускіх аўтараў расійскіх інфармрэсурсаў "Регнум", "Лента.ру" і "Евразия Дейли" да пяці гадоў пазбаўлення волі з адтэрміноўкай пакарання на тры гады і вызваліў іх з-пад варты.
Выкладчык БДУІР кандыдат гістарычных навук Юрый Паўлавец, галоўны рэдактар часопіса "Новая экономика" Сяргей Шыпценка і вартаўнік з Брэста Дзмітрый Алімкін прызнаныя вінаватымі ў здзяйсненні злачынства, прадугледжанага ч. 3 арт. 130 КК (распальванне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай ці іншай сацыяльнай варожасці або розніцы, здзейсненае групай асоб). Пры гэтым гаворка ідзе не пра тое, што трое абвінавачаных здзяйснялі злачынства ў групе паміж сабой, а ў групе з нявызначанымі асобамі, якімі следства лічыць тых, хто публікаваў матэрыялы беларускіх грамадзян на расійскіх інфармрэсурсах.

Паўлавец публікаваўся пад псеўданімамі Павел Юрынцаў і Мікалай Радаў, Алімкін — пад псеўданімам Ала Бронь, мінчанін Шыпценка — пад псеўданімам Артур Грыгор`еў. Усе яны былі затрыманыя і заключаныя пад варту ў снежні 2016 года.

Следствам Паўлаўцу і Шыпценку было таксама выстаўленае абвінавачанне на падставе ч. 1 арт. 233 КК (незаконная прадпрымальніцкая дзейнасць). Але 22 студзеня падчас спрэчак прадстаўнік пракуратуры Аляксандр Кароль адмовіўся ад гэтага абвінавачання.

Падставай для распачынання крымінальнай справы паслужылі высновы Рэспубліканскай экспертнай камісіі па ацэнцы інфармацыйнай прадукцыі на прадмет наяўнасці або адсутнасці прыкмет экстрэмізму пры Міністэрстве інфармацыі. Менавіта РЭК пагадзілася з праектамі заключэнняў эксперта Алены Івановай, бібліятэкара па адукацыі, аб наяўнасці экстрэмізму ў публікацыях беларускіх аўтараў расійскіх інфармрэсурсаў.

Падчас допыту ў судзе эксперт, а цяпер кіраўнік РЭК заявіла, што ўпэўненая ў правільнасці сваіх высноў, з якімі аднагалосна пагадзіліся члены камісіі, упэўненая, што эксперт павінен валодаць "фонавымі ведамі" па розных напрамках, каб быць здольным даць сваю ацэнку.

Абвінавачаныя і іх абаронцы лічаць, што крымінальны пераслед быў інспіраваны кіраўніцтвам Мінінфарма.

Высновы РЭК у ліпені 2017 года пацвердзіла комплексная псіхолага-лінгвістычная экспертыза, якую праводзілі два філолагі і псіхолаг НПЦ Дзяржаўнага камітэта судовых экспертыз Беларусі.

Неаднаразова абарона хадайнічала аб выкліку ў суд у якасці сведак былога міністра інфармацыі Ліліі Ананіч, былога намесніка міністра Уладзіміра Матусевіча, які курыраваў РЭК, але ім было адмоўлена. Суд таксама адмовіўся выклікаць у якасці сведкі следчага Юрыя Мацкевіча.

Фігуранты справы і іх адвакаты на працягу ўсяго суда заяўлялі пра некампетэнтнасць дзяржаўных экспертаў, якія ацэньвалі іх матэрыялы на прадмет наяўнасці прыкмет распальвання нацыянальнай варожасці і экстрэмізму. Звярталі ўвагу, напрыклад, што тыя скарысталіся расійскай методыкай правядзення даследавання, што недапушчальна ў сувязі з адрозненнямі ў заканадаўстве, але і гэтую методыку выкарысталі няправільна.

Адвакаты і падабаронныя настойвалі на правядзенні паўторнай комплекснай псіхолага-лінгвістычнай экспертызы, але ў гэтым ім было адмоўлена.
Вячаслаў Будкевіч, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2019 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН