Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2018/02/02/941135_558743/
Дата раздрукоўкі: 25.02.2020 23:42
02.02.2018 17:24 Грамадства

Прадпрымальніка з Вілейкі падазраюць у выкарыстанні рабскай працы

Мінск, 2 лютага. У дачыненні да 35-гадовага індывідуальнага прадпрымальніка з Вілейкі распачатая крымінальная справа за выкарыстанне прымусовай працы.

Як паведамляе УУС Мінскага аблвыканкама, мужчыну падазраюць у тым, што на працягу апошніх двух гадоў пад пагрозай фізічнага гвалту ён прымушаў людзей працаваць на яго. У абавязкі работнікаў уваходзіў догляд жывёл (свіней і трусоў), якіх ІП гадаваў на сваім прысядзібным участку, расказаў супрацоўнікам міліцыі адзін з уцеклых так званых парабкаў.

Каб пазбавіцца ад рабства, 30-гадовы жыхар адной з вёсак Вілейскага раёна ўцёк ад прадпрымальніка і сышоў з дому. Пасля гэтага сваякі звярнуліся ў міліцыю з заявай аб яго знікненні. Супрацоўнікі міліцыі знайшлі яго на чыгуначным вакзале ў Віцебску. Паводле слоў мужчыны, ён ехаў "хоць куды, толькі б далей ад гэтага рабаўладальніка".

Паводле слоў пацярпелага, прыкладна два гады таму ён пачуў ад знаёмых, што прадпрымальнік, які жыве ў суседняй вёсцы, шукае людзей для працы на прысядзібным участку і па доглядзе жывёл. На той момант мужчына не меў пастаяннай працы і вырашыў паспрабаваць працаваць у ІП. Першыя паўгода прадпрымальнік плаціў грошы і выдаваў вопратку работнікам. Але затым грошай стаў плаціць усё менш, а прыкладна з сярэдзіны 2016 года спыніў аплату зусім. Работнікі перасталі прыходзіць на працу.

Ведаючы, што адзін з яго былых работнікаў жыве ў суседняй вёсцы, прадпрымальнік прыехаў да яго дадому, збіў яго, запіхаў у багажнік машыны і адвёз да сябе на ўчастак. Там ён прымусіў мужчыну працаваць. Паводле слоў пацярпелага, працадаўца пастаянна пагражаў яму фізічнай расправай, не саромеўся пускаць у ход кулакі з любой нагоды. За некалькі дзён ён настолькі запалохаў мужчыну, што той проста баяўся яго не паслухацца, не кажучы ўжо пра тое, каб звярнуцца ў міліцыю. Дапамогі мужчыну чакаць было неадкуль, бо акрамя старога бацькі блізкіх сваякоў у яго няма, а нешматлікія аднавяскоўцы не імкнуліся лезці ў чужыя справы.

"Часам мужчына спрабаваў выказваць нейкі пратэст, але ўсе яго спробы не выйсці на працу жорстка перарываліся прадпрымальнікам, які, верагодна, стаў ужо лічыць сябе яго гаспадаром", — гаворыцца ў паведамленні УУС. Некалькі разоў прадпрымальнік, каб працаўнік не збег, прыкоўваў яго ланцугом у хляве і пакідаў так на ўсю ноч. У рэшце рэшт мужчына не вытрымаў — збег ад прадпрымальніка, а каб той яго не знайшоў, пайшоў з дому.

Падазраваны змешчаны ў ІЧУ. Аператыўныя супрацоўнікі сумесна са следчымі Вілейскага РАСК праводзяць далейшыя аператыўна-следчыя мерапрыемствы, усталёўваюць іншых пацярпелых, бо, паводле слоў асноўнага пацярпелага, часам разам з ім працавалі і іншыя людзі, якіх прывозіў прадпрымальнік. З імі ён абыходзіўся гэтак жа жорстка і таксама не плаціў грошай.

Падчас вобыску ў доме прадпрымальніка знайшлі дзве незарэгістраваныя паляўнічыя стрэльбы, мноства патронаў да гладкаствольнай і наразной зброі.
Вячаслаў Будкевіч, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2020 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН