Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2018/02/03/941232_941233/
Дата раздрукоўкі: 07.12.2019 10:40
03.02.2018 12:55 Грамадства

МЗС: Адданасць Айчыне Барыс Кіт пранёс праз усё жыццё і пакінуў свой след у беларускай і сусветнай гісторыі

Мінск, 3 лютага. Міністэрства замежных спраў Беларусі выказала шчырыя спачуванні родным і блізкім вядомага беларускага дзеяча замежжа, выдатнага вучонага Барыса Кіта, які пайшоў з жыцця 1 лютага 2018 года.

"Амаль 108 гадоў, якія ён пражыў, прыйшліся на надзвычай насычаны і драматычны перыяд беларускай і сусветнай гісторыі. Барыс Кіт нарадзіўся ў Расійскай імперыі, жыў і працаваў і ў міжваеннай Польшчы, і падчас фашысцкай акупацыі, і ў Злучаных Штатах. Але ўвесь гэты час ён заставаўся беларусам, рупліва і няспынна клапаціўся пра беларускую мову, адукацыю, захаванне беларускай свядомасці нашымі суайчыннікамі за мяжой", — гаворыцца ў паведамленні МЗС.

"Адданасць Айчыне Барыс Кіт пранёс праз усё жыццё і пакінуў свой след у беларускай і сусветнай гісторыі. Зрабіўшы вялікі ўнёсак у развіццё навукі, у прыватнасці ў галіне астранаўтыкі, ён спрычыніўся да збліжэння СССР і ЗША вакол гэтай агульнай для чалавецтва тэмы. <...> Памяць аб ім будуць захоўваць беларусы і на Радзіме, і за межамі Бацькаўшчыны", — адзначае беларускае знешнепалітычнае ведамства.

Барыс Уладзіміравіч Кіт (Кіта) нарадзіўся 6 красавіка 1910 года ў Санкт-Пецярбургу ў беларускай сям`і — яго бацька быў службоўцам Міністэрства пошт і тэлеграфаў Расійскай імперыі. У 1918 годзе сям`я вярнулася на родную Навагрудчыну.

У 1926 годзе Барыс Кіт скончыў народную школу ў Карэлічах (цяперашні адміністрацыйны цэнтр Карэліцкага раёна Гродзенскай вобласці), у 1928-м — Навагрудскую беларускую гімназію, у 1933-м — фізіка-матэматычны факультэт Віленскага ўніверсітэта. У канцы 1930-х — пачатку 1940-х гадоў працаваў дырэктарам Віленскай беларускай гімназіі, а пасля — гімназіі ў Навагрудку, школьным інспектарам у Баранавіцкай вобласці (цяпер скасаванай), быў заснавальнікам шэрагу пачатковых і сярэдніх школ.

У гады Вялікай Айчыннай вайны выкладаў у школах Маладзечанскага раёна, стварыў і ўзначальваў настаўніцкія семінарыі ў Маладзечне і Паставах. У канцы вайны Кіт эміграваў у Германію, дзе вывучаў медыцыну ў Мюнхенскім універсітэце і выкладаў матэматыку ў мясцовых гімназіях.

У 1949 годзе эміграваў у ЗША. Жыў у Нью-Ёрку, Саўт-Рыверы, Лос-Анджэлесе. У Каліфорніі ён удзельнічаў у касмічных праектах кампаніі North American Aviation, у прыватнасці працаваў над стварэннем ракет Navaho, чаўнака Shuttle, у праграме падарожжа на Месяц Apollo. Сусветную вядомасць атрымаў за свае даследаванні і распрацоўку ракетнага паліва для касмічных апаратаў.

У 1958 годзе Кіта запрасілі ў Вашынгтон на працу ў аддзел касманаўтыкі ваенна-паветранага дэпартамента Міністэрства абароны ЗША. З 1963-га стаў працаваць у карпарацыі ITT, якая займалася спадарожнікамі сувязі. Кіт займаўся распрацоўкай сродкаў сувязі для касмічных караблёў.

У 1972 годзе пераехаў у Франкфурт-на-Майне, вярнуўся да выкладчыцкай дзейнасці — стаў прафесарам еўрапейскага аддзялення Мэрылендскага ўніверсітэта. Праз дзесяць гадоў пасля вяртання ў Германію Кіт атрымаў ступень доктара філасофіі ў галіне матэматыкі і гісторыі навукі. У 1987-м ён стаў заслужаным прафесарам, а ў 1990-м — ганаровым прафесарам.

Барыс Кіт — акадэмік Міжнароднай акадэміі астранаўтыкі, ганаровы доктар навук Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы, ганаровы грамадзянін Навагрудка.
Аляксей Арэшка, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2019 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН