Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2018/02/05/941353_558877/
Дата раздрукоўкі: 22.08.2019 16:19
05.02.2018 13:49 Грамадства

Кіраўнік Мінінфарма: Калі СМІ працуюць на кансалідацыю грамадства, прэтэнзій да іх быць не можа

Мінск, 5 лютага. Калі сродкі масавай інфармацыі працуюць на кансалідацыю грамадства, прэтэнзій да іх быць не можа, заявіў міністр інфармацыі Беларусі Аляксандр Карлюкевіч на калегіі Мінінфарма 5 лютага.

Паводле яго слоў, аналіз зваротаў грамадзян паказвае, што прадстаўнікоў розных слаёў насельніцтва, розных палітычных поглядаў у аднолькавай ступені трывожыць змястоўнае напаўненне сеткавых рэсурсаў, усёдазволенасць у ацэнках і выказваннях.

"Усе спрэчкі, увесь градус высвятлення адносін у частцы дакладнасці інфармацыі пераходзяць у прастору дзейнасці інтэрнэт-рэсурсаў, — цытуе Карлюкевіча дзяржаўнае агенцтва БелТА. — Нікому не ставіцца задача закрыць, пазбавіць доступу і іншае. Усе дзеянні звязаныя з заканадаўчай ацэнкай змястоўнай часткі тых ці іншых публікацый. Калі розныя — як дзяржаўныя, так і грамадскія — інстытуты не парушаюць закон, працуюць на кансалідацыю грамадства ў дасягненні здаровых сацыяльна-эканамічных і грамадска-палітычных задач, то прэтэнзій да іх быць не можа".

Карлюкевіч адзначыў, што адной з асноўных задач Мінінфарма з'яўляецца кантроль за выкананнем заканадаўства аб СМІ. "Міністэрствам інфармацыі ў 2017 годзе вынесенае 17 пісьмовых папярэджанняў: сем — сродкам масавай інфармацыі і сем — інфармацыйным рэсурсам (аднаму — двойчы, аднаму — тройчы). У 2016 годзе было вынесенае 16 пісьмовых папярэджанняў: восем — сродкам масавай інфармацыі, восем — інфармацыйным рэсурсам", — паведаміў чыноўнік.

У 2017 годзе, паводле яго слоў, назіралася тэндэнцыя росту колькасці пісьмовых папярэджанняў, якія Мінінфарм вынес на падставе рашэнняў судоў аб прызнанні апублікаванай інфармацыі не адпаведнай рэчаіснасці і аб тым, што яна ганіць гонар, годнасць ці дзелавую рэпутацыю фізічных асобаў альбо дзелавую рэпутацыю юрыдычных асобаў. З агульнай колькасці пісьмовых папярэджанняў пяць было вынесенае менавіта па гэтых падставах, удакладніў Карлюкевіч.

Калі ў мінулыя гады вялікая колькасць пісьмовых папярэджанняў СМІ выносіліся за невыкананне патрабаванняў заканадаўства аб выхадных звестках, то ў 2017 годзе такія парушэнні ўстаноўленыя толькі ў двух выпадках, паведаміў кіраўнік Мінінфарма.

На калегіі адзначалася, што 1 ліпеня 2017 года ўвайшлі ў дзеянне патрабаванні аб прысваенні прадукцыі СМІ знака ўзроставай катэгорыі. Тром СМІ былі вынесеныя пісьмовыя папярэджанні за парушэнне патрабаванняў заканадаўства і адсутнасць такога знака.

У рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў у 2017 годзе было ўключана 196 матэрыялаў на падставе 37 рашэнняў судоў. Усяго з 2008 года ў гэты спіс уключаны 461 экстрэмісцкі матэрыял.

Летась было прынятае 67 загадаў аб абмежаванні доступу ў дачыненні да 166 рэсурсаў і складаных частак рэсурсаў (на 76 рэсурсах і складаных частках рэсурсаў размяшчаліся экстрэмісцкія матэрыялы, на 69 рэсурсах — неналежная рэклама, на 17 — інфармацыя аб рэалізацыі наркатычных сродкаў, на двух — прапаганда парнаграфіі, на адным — інфармацыя, якая можа нанесці шкоду нацыянальным інтарэсам, яшчэ на адным рэсурсе — нецэнзурныя выразы).

Усяго з 1 студзеня 2015 года па 1 студзеня гэтага Мінінфармам прынятыя рашэнні аб абмежаванні доступу да 533 інфармацыйных рэсурсаў і складаных частак рэсурсаў. На 57 размяшчалася інфармацыя аб рэалізацыі наркатычных сродкаў, на трох — табуяваная лексіка, на 88 — неналежная рэклама, на пяці — прапаганда парнаграфіі, на двух — інфармацыя, якая можа нанесці шкоду нацыянальным інтарэсам, на 378 — экстрэмісцкія матэрыялы.

Варта адзначыць, што інфармацыйнай кампаніі БелаПАН у прысутнасці на сённяшняй калегіі Міністэрства інфармацыі было адмоўленае.
БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2019 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН