Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2018/02/05/941358_12345/
Дата раздрукоўкі: 22.08.2019 16:20
05.02.2018 16:00 Грамадства

Мінчане дамагліся ад уладаў замест ушчыльнення забудовы стварэнне парку па вуліцы Каліноўскага

Мінск, 5 лютага. Жыхары сталічных мікрараёнаў Зялёны Луг і Усход дамагліся захавання зялёнай зоны па вуліцы Каліноўскага, дзе раней улады планавалі жылую забудову.

Як паведаміў БелаПАН каардынатар грамадскага руху "Экаград" Віктар Янчурэвіч, пра тое, што ўздоўж лініі электраперадачы на вуліцы Каліноўскага будуць высаджаныя зялёныя насаджэнні, гаворыцца ў адказе на шматлікія запыты жыхароў старшыні камітэта архітэктуры і горадабудаўніцтва Мінгарвыканкама Паўла Лучыновіча.

"З улікам прапаноў удзельнікаў грамадскага абмеркавання дэталёвага плана ў планіровачныя рашэнні ўнесеныя змены, якімі запланавана выканаць на другім этапе рэалізацыі дэталёвага плана (пасля 2022 года) рэканструкцыю і кабліраванне паветраных высакавольтных ліній электраперадачы ўздоўж вуліцы Каліноўскага на ўчастку ад Лагойскага тракту да вуліцы Сядых для наступнага размяшчэння аб`ектаў азелянення", — гаворыцца ў лісце.

Янчурэвіч нагадаў, што ініцыятыўная група жыхароў мікрараёнаў Зялёны Луг і Усход ўжо больш за паўгода адстойвае права жыць у экалагічна спрыяльнай частцы горада. "Летам 2017 года планы горадабудаўнікоў на будучыню гэтага раёна сталіцы здзівілі большасць мясцовых жыхароў — на ўнутрыдваровых тэрыторыях, дзе размяшчаюцца дзіцячыя пляцоўкі і растуць дрэвы, прапаноўвалася ўладкаваць паркінгі для аўтамабіляў, на зялёнай тэрыторыі ўздоўж вуліцы Каліноўскага ўяўленне праекціроўшчыкаў малявала тры кварталы шматпавярховага жылля і падземна-наземныя паркінгі. Пры гэтым ні аднаго дзіцячага садка, школы або паліклінікі праект ўшчыльнення раёна не прадугледжваў", — заўважыў актывіст.

Паводле яго слоў, ініцыятыўная група жыхароў раёна склала абгрунтаваныя заўвагі па гэтым праекце і прапанавала абуладкаваць сквер ўздоўж вуліцы Каліноўскага. "З гэтай ініцыятывай дайшлі да кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта Наталлі Качанавай. Актыўнасць ініцыятыўнай групы прымусіла чыноўнікаў прыслухацца да меркавання гараджан", - падкрэсліў каардынатар руху.

"Для жыхароў Зялёнага Луга і Усходу зялёная зона ўздоўж вуліцы Каліноўскага заўсёды ўспрымалася як сквер, дзе хоть не ахці якія, але ўсё ж створаныя ўмовы для адпачынку і прагулак (выкладзеныя пліткай дарожкі, пастаўленыя лаўкі). Акрамя таго, гэтая частка вуліцы Каліноўскага з`яўляецца свайго роду "паветраным калідорам", дзякуючы якому жыхары бліжэйшых мікрараёнаў не задыхаюцца ад аўтамабільнага смогу і выкідаў завода "Тэрмапласт", — пракаментавала атрыманы ліст прадстаўнік ініцыятыўнай групы, кандыдат у дэпутаты па карбышаўскай выбарчай акрузе № 50 Людміла Бяляева-Гундарына. — Мы звярталіся да чыноўнікаў рознага ўзроўню з просьбай улічыць пры дапрацоўцы праекта меркаванне жыхароў, падмацаванае 6.000 подпісаў. Нашаму раёну не хапае сквера з дзіцячымі і спартыўнымі пляцоўкамі, а не трох новых кварталаў шматпавярховак. Але паўгода пастаянных зваротаў да чыноўнікаў і сустрэч з імі ні да чаго не прыводзіла".

Актывістка "вельмі рада, што нарэшце чыноўнікі прыслухаліся да меркавання жыхароў раёна".

Як паведамлялася, адной з рэзанансных падзей лета 2017 года ў змене аблічча Мінска стала грамадскае абмеркаванне праекта дэталёвага планавання тэрыторыі ў межах Лагойскага тракта, вуліц Сядых, Кедышкі, Славінскага, паўночная мяжа ландшафтна-рэкрэацыйнай зоны. Грамадскае абмеркаванне праходзіла з 1 па 25 ліпеня 2017 года. Супраць зацвярджэння і рэалізацыі гэтага праекта ініцыятыўнай групай жыхароў раёна было сабрана амаль 6.000 подпісаў, што дазволіла адхіліць праект і адправіць яго на дапрацоўку, а таксама атрымаць абяцанне гарадскіх уладаў не забудоўваць на працягу бліжэйшых 10 гадоў зялёную зону ўздоўж вуліцы Каліноўскага.
Марына Носава, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2019 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН