Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2018/02/05/941364_12345/
Дата раздрукоўкі: 13.12.2019 14:41
05.02.2018 16:36 Грамадства

У 2017 годзе па антырабічную дапамогу да медыкаў звярнулася больш як 20 тысяч чалавек

Мінск, 5 лютага. Па антырабічную дапамогу з прычыны ўкусаў жывёл, абдрапвання альбо траплення іх сліны на скуру ў 2017 годзе да медыкаў звярнулася больш за 20 тысяч чалавек, каля 6 тысяч з іх — дзеці да 18 гадоў, паведаміў Рэспубліканскі цэнтр гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя.

Аналагічная сітуацыя была і ў 2016 годзе, адзначаюць эпідэміёлагі.

Больш за 90% пацыентаў адзначалі кантакт з хатнімі жывёламі.

Прыкладна 500 чалавек, якія звярнуліся па медыцынскую дапамогу пасля кантакту з жывёламі, шаленства пацверджана лабараторна. Пры гэтым асобы, якія пацярпелі ад шалёных дзікіх жывёл, часцей адзначалі кантакт з лісамі. Пацярпелыя ад хворых на шаленства хатніх жывёл часцей звярталіся ў арганізацыі аховы здароўя з нагоды пашкоджанняў, нанесеных сабакамі.

Штогод у Беларусі рэгіструюцца выпадкі захворвання на шаленства сярод дзікіх і сельскагаспадарчых жывёл. Усяго летась было зарэгістравана 484 выпадкі шаленства жывёл, што на 16,8% ніжэй, чым у 2016 годзе. Часцей за ўсё шаленства рэгістравалася сярод лісіц і хатніх жывёл (сабак і катоў), якія маюць гаспадароў. Лідары па колькасці зарэгістраваных выпадкаў шаленства жывёл у 2017 годзе — Гомельская і Мінская вобласці.

Паводле даных Сусветнай арганізацыі аховы здароўя, шаленства распаўсюджанае на тэрыторыях большасці краін свету і штогод забірае жыццё больш як 50 тысяч чалавек. У Беларусі з 2012 года выпадкі захворвання на шаленства сярод насельніцтва не рэгістраваліся.

У студзені 2018 гада ў Мінску зафіксаваны выпадак, калі з хворым на шаленства сабакам пароды кане-корса кантактавала 23 чалавекі. Гэты факт быў расследаваны спецыялістамі санітарна-эпідэміялагічнай службы сталіцы і Мінскай вобласці. Сумесна з ветэрынарнай службай эпідэміёлагі ўдакладнілі межы ачагоў шаленства, падрыхтавалі аператыўныя планы мерапрыемстваў па ліквідацыі ачагоў шаленства і папярэджанні новых выпадкаў захворвання сярод людзей і жывёл.

Спецыялісты правялі больш за 800 пакватэрных абходаў у раёнах, дзе зарэгістраваныя ачагі шаленства, каб максімальна выявіць людзей пасля магчымых кантактаў з хворымі жывёламі і накіраваць іх на кансультацыю да медыкаў. Падчас абходаў дадаткова выяўленыя 22 чалавекі, якія кантактавалі з кане-корса.

Як паведамляе цэнтр гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя, усе асобы, якім прызначаная лячэбна-прафілактычная імунізацыя супраць шаленства, атрымліваюць прышчэпкі ў адпаведнасці са схемай імунізацыі. Выпадкаў адмовы ад імунізацыі не было.

У 2017 годзе лячэбна-прафілактычныя прышчэпкі супраць шаленства былі прызначаныя больш як 15 тысячам пацярпелых ад кантакту з жывёлай (76% ад усіх, хто звярнуўся).

Штогод у краіне праводзіцца прафілактычная імунізацыя супраць шаленства асобам, якія адносяцца да катэгорыі прафесійнай рызыкі заражэння. Гэта ветэрынарныя работнікі, асобы, якія адлоўліваць безнаглядных жывёл, леснікі, егеры, паляўнічыя і гэтак далей. У 2017 годзе з прафілактычнай мэтай было прышчэплена больш за 2 тысячы чалавек.
Ірына Турчына, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2019 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН