Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2018/02/05/941424_941425/
Дата раздрукоўкі: 09.12.2019 11:40
05.02.2018 19:32 Грамадства, Эканоміка

Паводле дадзеных даследавання, Беларусь увайшла ў топ-20 краін з самымі зручнымі электроннымі дзяржпаслугамі

Мінск, 5 лютага. Беларусь увайшла ў топ-20 краін з самымі зручнымі электроннымі дзяржпаслугамі, паводле даследавання софтвернай кампаніі Artezio.

Аналітыкі і тэхнічныя спецыялісты абапіраліся на глабальную базу дадзеных ААН — United Nations E-Government Development Database (UNeGovDD), базу дадзеных аб развіцці электроннага ўрада дзяржаў — членаў Арганізацыі Аб'яднаных Нацый. Ацэньваючы зручнасць дзяржаўных інтэрнэт-сэрвісаў, аналітыкі Artezio ўлічвалі наступныя параметры: наяўнасць адзінага пункта ўваходу — партала, зручнасць пошуку інфармацыі, магчымасць атрымання паслуг анлайн, прастату працэдуры аўтэнтыфікацыі. Дадаткова ацэньвалася перспектыўнасць маштабавання сэрвісаў з улікам развіцця тэхналогій.

У выніку даследавання высветлілася, што сярод лідзіруючых дзяржаў — Вялікабрытанія, Аўстралія, Рэспубліка Карэя, Сінгапур і Фінляндыя. Іх грамадзянам зручней за ўсё дыстанцыйна ўзаемадзейнічаць з дзяржорганамі. Беларусь у гэтым рэйтынгу заняла васямнаццатае месца, абышоўшы Малдову і Чэхію.

Гаворачы аб поспехах краін у галіне развіцця электронных дзяржслуг, аналітыкі Artezio вылучаюць Рэспубліку Карэю, якая ўкараняе інавацыі ў электронны ўрад, рэалізуючы план па пераводзе больш як 750 паслуг для грамадзян у воблака. Цікавае стаўленне ЗША да лічбавай прасторы: амерыканцы прылічаюць інтэрнэт да сваіх нацыянальных каштоўнасцяў нароўні з зямлёй, воднымі рэсурсамі, паветрам і космасам.

Ацэньваючы поспехі Беларусі, спецыялісты ўказваюць на якасную і інтэнсіўную эвалюцыю электронных дзяржпаслуг. Многія сэрвісы па якасці і даступнасці не саступаюць еўрапейскім аналагам. Аднак, як і ў Расіі, найбольш запатрабаваныя e-gov-сэрвісы ў рэспубліцы пакуль яшчэ не прадстаўлены.
Аляксей Арэшка, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2019 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН