Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2018/02/06/941514_12345/
Дата раздрукоўкі: 23.03.2019 12:25
06.02.2018 14:36 Грамадства, Палітыка

Лукашэнка прапанаваў прызначыць Генадзя Давыдзьку і Паўла Якубовіча членамі Савета Рэспублікі

Мінск, 6 лютага. Аляксандр Лукашэнка прапанаваў прызначыць былых кіраўнікоў Белтэлерадыёкампаніі Генадзя Давыдзьку і газеты "СБ. Беларусь сегодня" ("Советская Белоруссия") Паўла Якубовіча членамі Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Беларусі.

6 лютага, падчас кадравых прызначэнняў кіраўнікоў найбуйнейшых дзяржаўных СМІ, ён адзначыў, што Давыдзька нядаўна ўзначаліў грамадскае аб'яднанне "Белая Русь". "Дарэчы, самадастатковае грамадскае аб'яднанне, наколькі я інфармаваны. У іх дастаткова членскіх узносаў для таго, каб утрымліваць сябе і праводзіць вялікую дабрачынную працу. Таму абранне яго кіраўніком — гэта, напэўна, крок у правільным кірунку. Гэта такі годны беларус, які шмат у чым дашліфаваў сябе за дваццаць гадоў нашай незалежнасці. Таму Генадзь Давыдзька сваю дарогу вызначыў у патрэбным кірунку", — сказаў Лукашэнка.

Што тычыцца Паўла Якубовіча, то, паводле слоў прэзідэнта, "страціць яго не павінны". "У яго вялікі кавалак працы (у лістападзе 2017 года Якубовіча абралі старшынёй грамадскага савета пры МУС. — БелаПАН.), і гэтую працу трэба ўзмацніць. Гэта нешта накшталт кантролю за праваахоўнымі органамі. Балазе, не я ініцыяваў гэты грамадскі савет пры МУС, а самі міліцыянеры. Малайцы", — адзначыў Лукашэнка.

Ён таксама дадаў, што грамадскі савет, яго паўнамоцтвы і функцыі трэба зрабіць больш шырокімі. "Можа быць, нават узмацніўшы гэты савет. Напэўна, дадаўшы туды людзей. Каб гэта быў такі грамадскі савет з кантрольнымі функцыямі паміж грамадскасцю і праваахоўнымі органамі. З кантрольнымі функцыямі за праваахоўнымі органамі, магчыма", — сказаў Лукашэнка.

"Таму ў Паўла Ізотавіча таксама працы хопіць. Я думаю, ён не адыдзе ад сваёй прафесійнай дзейнасці. І Давыдзька, і ён, як я ўжо казаў, павінны ў СМІ працаваць і супрацоўнічаць з імі. У якой форме — трэба вызначыцца. Што тычыцца Давыдзькі, я думаю, яго статус трэба павышаць і разгледзець пытанне, унесці прапанову, аб яго накіраванні ў Савет Рэспублікі сенатарам. Гэта ўзмоцніць яго пазіцыі. Я не выключаю, што і Павел Якубовіч зможа там працаваць. Нам вельмі патрэбныя дасведчаныя людзі. Прытым людзі, якія прайшлі гэты пераломны перыяд у нашай гісторыі — шлях ад Савецкага Саюза да незалежнай Беларусі. Людзі, якія правільна разумеюць гэты перыяд і тыя перамены, што адбыліся", — заявіў кіраўнік дзяржавы.

6 лютага Аляксандр Лукашэнка прызначыў новых кіраўнікоў найбуйнейшых дзяржаўных СМІ. Белтэлерадыёкампанію ўзначаліў Іван Эйсмант, былы намеснік старшыні кампаніі, друкаваны орган Адміністрацыі прэзідэнта газету "СБ. Беларусь сегодня" ("Советская Белоруссия") — Дзмітрый Жук, былы гендырэктар дзяржаўнага інфармацыйнага агенцтва БелТА. Генеральным дырэктарам тэлеканала СТВ стаў Ігар Луцкі, які займаў пасаду першага намесніка міністра інфармацыі.
Аляксей Аляксандраў, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2019 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН