Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2018/02/06/941524_12345/
Дата раздрукоўкі: 07.12.2019 23:14
06.02.2018 15:15 Грамадства

Былы галоўны рэдактар "Советской Белоруссии" Павел Якубовіч мае намер працягваць займацца Курапатамі і працай у грамадскім савеце пры МУС

Мінск, 6 лютага. Павел Якубовіч, які амаль чвэрць стагоддзя ўзначальваў газету "СБ. Беларусь сегодня" ("Советская Белоруссия"), сыходзіць на заслужаны адпачынак, каб "шукаць сэнс жыцця". Пра гэта ён паведаміў БелаПАН, каментуючы сваю адстаўку.

На пытанне, ці пайшоў ён па ўласным жаданні, Якубовіч адказаў: "На маёй былой пасадзе па ўласным жаданні нічога не робіцца. Гэтае пытанне я ставіў у снежні ў Адміністрацыі прэзідэнта, і было дасягнутае такое рашэнне, якое цалкам па мне".

Якубовіч лічыць кадравае рашэнне правільным і своечасовым. "Ніякі гэта не сюрпрыз, пакаранне або недавер. Усё мае свае свой час прыходзіць і час сыходзіць", — сказаў былы галоўны рэдактар друкаванага выдання Адміністрацыі прэзідэнта.

Свайго пераемніка Дзмітрыя Жука (былога гендырэктара дзяржаўнага інфармагенцтва БелТА) Якубовіч назваў "добрым знаёмым і калегам". "Думаю, ён паправіць мае працоўныя хібы, калі такія былі, а тое, што было нядрэнным, прасуне, надасць імпульс рабоце, нешта асвяжыць. Я буду з задавальненнем сачыць за тым, як ён палепшыць тое, чым я займаўся 24 гады", — сказаў Якубовіч.

Ён таксама пракаментаваў кадравыя перастаноўкі ў кіраўніцтве Белтэлерадыёкампаніі (замест Генадзя Давыдзькі, нядаўна абранага старшынёй РГА "Белая Русь", пасаду старшыні кампаніі заняў яго былы намеснік Іван Эйсмант, а тэлеканалам СТВ замест Юрыя Казіяткі будзе кіраваць былы намеснік міністра інфармацыі Ігар Луцкі).

Якубовіч станоўча ацаніў гэтыя прызначэнні і пажадаў новым кіраўнікам поспехаў. "На дзве пасады (СБ і БТ) прызначае асабіста прэзідэнт. Відавочна, ён бачыць у гэтым мэтазгоднасць і верыць у патэнцыял новых прызначэнцаў", — адзначыў ён.

Сам Якубовіч збіраецца сысці на заслужаны адпачынак і будзе займацца тым, чым займаюцца беларускія пенсіянеры. "Чым займаюцца беларускія пенсіянеры? Шукаюць сэнс жыцця, ходзяць у клуб тых, каму за 70, прыглядаюць месца на Паўночных могілках. Давядзецца гэтым займацца", — пажартаваў былы галоўны рэдактар.

На самай справе ён плануе працягваць грамадскую дзейнасць — у прыватнасці, па ўвекавечанні памяці ахвяр палітычных рэпрэсій ва ўрочышчы Курапаты.

"Мы правялі конкурс на лепшы памятны знак, мы зрабілі межы Курапатаў, мы дамагліся таго, каб у Курапатаў з'явіўся адзіны гаспадар (Мінгарвыканкам), які зможа забяспечыць усё неабходнае, каб гэта месца стала некропалем, мемарыялам", — распавёў Якубовіч.

На яго думку, у будучыні на тэрыторыі Курапатаў можна зрабіць лаўкі, навесы, пад'езды да месца памяці, каб гэта было цывілізавана. А калі ўдасца знайсці ў архівах імёны тых, хто пахаваны ва ўрочышчы, то можна збудаваць "сцяну плачу".

"Спадзяюся, што я яшчэ змагу правесці абмеркаванне з мастакамі, скульптарамі памятных знакаў, якія паступілі на конкурс. І на сабраныя грошы мы ўсталюем памятны знак. І тады я буду лічыць свой удзел у гэтай задачы выкананым, а далей жыццё яшчэ нешта падкажа, з'явяцца людзі, якія і далей прасунуць гэта", — адзначыў Якубовіч.

Ён таксама мае намер працягнуць працу ў грамадскім савеце пры Міністэрстве ўнутраных спраў, які ён узначальвае. "У мяне шмат грамадскіх нагрузак. З грамадскім жыццём і працай, калі і парываць, трэба павольна і плаўна", — падкрэсліў Павел Якубовіч.

Тым часам Аляксандр Лукашэнка прапанаваў прызначыць Якубовіча і Давыдзьку членамі Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Беларусі. Падчас сённяшніх кадравых прызначэнняў ён, у прыватнасці, заявіў: Нам вельмі патрэбныя дасведчаныя людзі. Прытым людзі, якія прайшлі гэты пераломны перыяд у нашай гісторыі — шлях ад Савецкага Саюза да незалежнай Беларусі. Людзі, якія правільна разумеюць гэты перыяд і тыя перамены, што адбыліся".

Паводле слоў Лукашэнкі, Паўла Якубовіча "страціць" не павінны. "У яго вялікі кавалак працы (у лістападзе 2017 года Якубовіча абралі старшынёй грамадскага савета пры МУС. — БелаПАН.), і гэтую працу трэба ўзмацніць. Гэта нешта накшталт кантролю за праваахоўнымі органамі. Балазе, не я ініцыяваў гэты грамадскі савет пры МУС, а самі міліцыянеры. Малайцы", — адзначыў Лукашэнка.

Як лічыць прэзідэнт, грамадскі савет, яго паўнамоцтвы і функцыі трэба зрабіць больш шырокімі. "Можа быць, нават узмацніўшы гэты савет. Напэўна, дадаўшы туды людзей. Каб гэта быў такі грамадскі савет з кантрольнымі функцыямі паміж грамадскасцю і праваахоўнымі органамі. З кантрольнымі функцыямі за праваахоўнымі органамі, магчыма", — сказаў Лукашэнка.

"Таму ў Паўла Ізотавіча таксама працы хопіць, — дадаў ён. — Я думаю, ён не адыдзе ад сваёй прафесійнай дзейнасці. І Давыдзька, і ён, як я ўжо казаў, павінны ў СМІ працаваць і супрацоўнічаць з імі. У якой форме — трэба вызначыцца".
Аляксандр Ярашэвіч, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2019 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН