Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2018/02/06/941555_12345/
Дата раздрукоўкі: 28.05.2020 07:13
06.02.2018 17:53 Грамадства, Палітыка

Праваабаронцы заяўляюць, што палітзняволенага Міхаіла Жамчужнага збілі ў калоніі і пагражаюць расправай

Мінск, 6 лютага. Палітвязня Міхаіла Жамчужнага, які адбывае пакаранне ў папраўчай калоніі № 9 у Горках (Магілёўская вобласць), збілі і пагражаюць расправай, піша праваабарончы сайт spring96.org.

Праваабаронцам закрытага ўладамі цэнтра "Вясна" стала вядома, што 24 студзеня Жамчужнага пакінулі аднаго ў калідоры санітарнай частки калоніі, дзе яго збіў іншы вязень. Мужчына ў цёмных акулярах, у вязаных пальчатках і шапцы захапіў палітвязня за горла і некалькі разоў ударыў па галаве. Пры гэтым ён пагражаў "распусціць на ніткі" Жамчужнага, калі сустрэне яго ў калоніі.

Палітвязень паскардзіўся ў пракуратуру Магілёўскай вобласці з нагоды гэтага здарэньня.

Акрамя таго, паводле інфармацыі праваабаронцаў, 19 студзеня Жамчужнаму вынеслі дысцыплінарнае спагнанне — тры дні зняволення ў штрафным ізалятары — нібыта за непрыбраны пыл. Пакаранне было прызначанае ў той перыяд, калі Жамчужны знаходзіўся ў памяшканні камернага тыпу (ПКТ), куды яго змясцілі 5 студзеня на месяц за "невыкананне законнага патрабавання прадстаўніка адміністрацыі ісці ў атрад". З ПКТ палітвязень мае выйсці 8 лютага.

Праваабаронцы звярнулі ўвагу на тое, што з ліпеня 2017 года адміністрацыя калоніі вынесла Жамчужнаму 18 спагнанняў.

Праблемы з адміністрацыяй у яго пачаліся пасля адмовы пераходзіць у атрад № 13, дзе знаходзяцца зняволеныя з нефармальным нізкім статусам. Жамчужны заявіў, што адмовіўся пераходзіць у гэты атрад дзеля захавання ўласнага гонару і рэпутацыі.

Міхаіл Жамчужны — былы дацэнт Віцебскага дзяржаўнага тэхналагічнага ўніверсітэта, кандыдат тэхнічных навук, аўтар некалькіх манаграфій і распрацовак, вынаходнік.

Жамчужны перадаваў звесткі пра ўтрыманне зняволеных у месцах пазбаўлення волі праваабарончай арганізацыі "Платформа". Быў затрыманы ў 2014 годзе. У ліпені 2015 года Віцебскі абласны суд прызнаў яго вінаватым у падбухторванні да наўмыснага раскрыцця звестак, якія складаюць службовую тайну, незаконным набыцці і збыце спецыяльнага тэхнічнага сродку, прызначанага для схаванага атрымання інфармацыі, і даванні хабару. Праваабаронцу прыгаварылі да шасці гадоў пазбаўлення волі ў калоніі строгага рэжыму. Судовая калегія па крымінальных справах Вярхоўнага суда, разгледзеўшы ў кастрычніку таго ж года касацыйную скаргу на прысуд, прызначыла яму больш строгае пакаранне — шэсць з паловай гадоў пазбаўлення волі.

Жамчужны утрымліваўся ў калоніі ў Навасадах (Барысаўскі раён, Мінская вобласць), затым у калоніі № 11 у Ваўкавыску (Гродзенская вобласць). 10 ліпеня 2017 года палітвязня перавялі ў калонію ў Горках.
Захар Щербаков, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2020 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН

.239