Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2018/02/07/941620_554782/
Дата раздрукоўкі: 26.11.2020 01:52
07.02.2018 12:39 Эканоміка, Фінансы, Грамадства

МПЗ: У 2017 годзе ў Беларусі больш за 3 тыс. грамадзян не змаглі пацвердзіць крыніцы даходаў

Мінск, 7 лютага. У 2017 годзе падатковымі органамі Беларусі прааналізаваная інфармацыя аб даходах і расходах больш як 17 тыс. грамадзян. Больш за 3 тыс. з іх не змаглі пацвердзіць крыніцы сваіх даходаў, зрасходаваных на набыццё маёмасці і на іншыя мэты. У сувязі з гэтым ім выстаўлены да выплаты падаходны падатак на 4,8 млн рублёў, паведаміў начальнік упраўлення падаткаабкладання даходаў і маёмасці фізічных асоб Міністэрства па падатках і зборах Андрэй Кавалеўскі 7 лютага на анлайн-канферэнцыі ў інфармагенцтве БелТА.

"Падатковымі органамі аналізуюцца даходы і маёмаснае становішча фізічных асоб. Паводле вынікаў аналізу выяўляюцца асобы, чые расходы значна перавышаюць афіцыйна атрыманыя імі даходы. У такіх асоб падатковыя органы патрабуюць дэкларацыі аб даходах і маёмасці. Калі ўсталявана, што расходы грамадзяніна перавышаюць яго даходы, і дадзеныя ім растлумачэнні не дазваляюць вызначыць крыніцу даходаў, за кошт якой панесеныя расходы, то даходы такой асобы, вылічаныя падатковым органам зыходзячы з сум перавышэння расходаў над даходамі, падлягаюць абкладанню падаходным падаткам", — растлумачыў Кавалеўскі.

Прадстаўнік МПЗ таксама паведаміў, што летась падатковыя органы выявілі амаль 6.370 грамадзян, якія маюць утоеныя даходы.

"Паводле вынікаў кантрольных мерапрыемстваў асобы, якія не падалі падатковыя дэкларацыі, прыцягваюцца да падаткаабкладання. Згодна з вынікамі 2017 года 6.370 грамадзян, якія своечасова не падалі падатковыя дэкларацыі і не выплацілі ва ўстаноўлены тэрмін падаходны падатак, прыцягнутыя да падаткаабкладання. Сума дадаткова выстаўленага падатку склала 4,4 млн рублёў", — сказаў Кавалеўскі.

3 студзеня пачалася кампанія па дэклараванні фізічнымі асобамі атрыманых у 2017 годзе даходаў. Дэкларацыя падаецца ў падатковы орган па месцы жыхарства асабіста або праз ўпаўнаважаную асобу, а таксама па пошце ці ў электронным выглядзе не пазней за 1 сакавіка 2018 года. Падатковы орган зробіць разлік падаходнага падатку і да 1 мая ўручыць паведамленне на яго выплату. Выплаціць падаходны падатак неабходна не пазней за 15 мая 2018 года.

Грамадзянін абавязаны даць справаздачу перад падатковай інспекцыяй пры продажы на працягу пяці гадоў другой (і больш) кватэры, дома, дачы, гаража, зямельнага ўчастка, пры рэалізацыі на працягу каляндарнага года грузавога аўтамабіля, аўтобуса, другой легкавой машыны. Дэклараваць неабходна таксама даходы, атрыманыя з-за мяжы. Тыя, хто здавалі ў наём жыллё, і сума даходу за год перавысіла 5,5 тыс. рублёў, прымалі дарагія падарункі — на такую ж суму (за выключэннем падарункаў ад блізкіх сваякоў), таксама абавязаныя падаць падатковую дэкларацыю.
Аляксей Арэшка, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты




© 2000 — 2020 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН

.239