Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2018/02/07/941621_224455/
Дата раздрукоўкі: 21.05.2018 13:53
07.02.2018 12:24 Палітыка, Грамадства

Пагадненне аб узаемным прызнанні віз паміж Беларуссю і Расіяй можа быць падпісанае ў красавіку-маі

Мінск, 7 лютага. Пагадненне паміж Беларуссю і Расіяй аб узаемным прызнанні віз можа быць падпісанае ў красавіку-маі гэтага года, паведаміў 7 лютага на прэс-канферэнцыі ў Мінску пасол Расіі ў Беларусі Аляксандр Сурыкаў.
"МЗС Расіі і Беларусі сумесна з іншымі зацікаўленымі ведамствамі працягваюць распрацоўку пагаднення аб узаемным прызнанні віз і па іншых пытаннях, звязаных з уездам грамадзян трэціх краін на тэрыторыю Саюзнай дзяржавы", — сказаў дыпламат.

Паводле яго слоў, кансультацыі экспертаў па гэтым пытанні працягваюцца. "У канцы студзеня беларускі бок перадаў дапрацаваны праект пагаднення і прапанаваў правесці ў Мінску чарговы раўнд кансультацый. Мне здаецца, ён будзе апошнім. Канстатуем, што праект знаходзіцца ў высокай ступені гатоўнасці", — заявіў расійскі пасол і падкрэсліў, што пасля прыняцця пагаднення ніякіх віз грамадзянам дзвюх краін не спатрэбіцца.

Пытанне аб узаемным прызнанні віз з РФ разглядалася 11 студзеня на нарадзе ў Аляксандра Лукашэнкі. Беларускі кіраўнік паставіў задачу на працягу 2018 года ўрэгуляваць рознагалоссі ў памежнай сферы з Расіяй. "Беларуска-расійская мяжа набыла негалосны статус, як яе часта называюць у інтэрнэце і ўсюды, "самай дзіўнай мяжы ў Еўропе", — сказаў ён. — Расійскі бок без афіцыйнага паведамлення пачаў ажыццяўляць паўнавартасны пашпартны кантроль у дачыненні да ўсіх асоб, якія едуць на аўтамабільным транспарце, а затым — на авія- і чыгуначным".

Паводле слоў Лукашэнкі, расійскі бок зыходзіць нібыта з меркаванняў бяспекі. "Але пра якую бяспеку можа быць гаворка, калі ў нас сумесныя спісы іншаземцаў, якім забаронены ўезд на тэрыторыю Саюзнай дзяржавы? Ніхто не можа ўехаць, хто знаходзіцца ў гэтых спісах. Таму ўсялякія адгаворкі і спасылкі на тое, што ў нас нібыта не то тут дзеецца, робіцца, і таму ўводзіцца мяжа, няслушныя", — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.

15 студзеня міністр замежных спраў РФ Сяргей Лаўроў заявіў, што Беларусь і Расія падпішуць дамову аб узаемным прызнанні віз найбліжэйшым часам. "Каб мяжа была празрыстая, трэба, каб нашы дзеянні былі сінхранізаваныя. Так што мы цалкам за тое, каб у нас наогул не было ніякіх межаў", — сказаў Лаўроў. "Але калі ва ўмовах, вельмі няпростых для Расіі з пункта гледжання тэрарыстычных пагроз, беларускія сябры літаральна без папярэджання абвясцілі, што 80 краін маюць права для сваіх грамадзян бязвізава ўязджаць у Беларусь на некалькі дзён, гэта, вядома жа, дало некаторы разнабой у сітуацыю", — дадаў ён.

Лаўроў растлумачыў, што з некаторымі з гэтых краін у Расіі існуе "візавы рэжым, і досыць сур'ёзныя праверкі праходзяць пасля звароту па візы з боку грамадзян адпаведных дзяржаў". "І атрымлівалася сітуацыя, калі, уехаўшы ў Беларусь, грамадзянін з краіны, для наведвання Расіі якому патрэбная віза, можа абсалютна спакойна ўзяць і перабрацца ў Расію без якой-небудзь праверкі, — сказаў ён. — Таму мы вымушаныя былі зрабіць тое, што мы зрабілі: папярэдзілі ўсіх, што калі людзі хочуць перасоўвацца з Беларусі ў Расію ў гэтай сітуацыі, то давядзецца для замежнікаў рабіць праверку, а лятаць самалётамі з Беларусі ў Расію замежнікі павінны толькі ў аэрапорты, дзе ёсць міжнародныя пункты пропуску. Гэта відавочныя абсалютна рэчы".

18 студзеня Беларусь перадала расійскаму боку абноўлены праект пагаднення аб узаемным прызнанні візаў.

З 12 лютага 2017 года ў Беларусі дзейнічае пяцідзённы бязвізавы рэжым для грамадзян 80 дзяржаў, якія прыбываюць у краіну праз нацыянальны аэрапорт Мінск. А ў канцы снежня Лукашэнка падпісаў указ аб устанаўленні бязвізавага ўезду да 10 дзён для замежных наведвальнікаў Аўгустоўскага канала, Гродна і Гродзенскага раёна, турысцка-рэкрэацыйнай зоны "Брэст" (Белавежская пушча, Брэст, Брэсцкі, Жабінкаўскі, Камянецкі і Пружанскі раёны Брэсцкай вобласці, Свіслацкі раён Гродзенскай вобласці).

Без віз (да 180 дзён) у Беларусь таксама могуць уязджаць інвестары і іншыя асобы па спісах, складзеных адміністрацыяй індустрыяльнага парку "Вялікі камень". Акрамя таго, дэкрэтам № 8 "Аб развіцці лічбавай эканомікі" ўстанаўліваецца бязвізавы парадак уезду для замежных грамадзян, якія наймаюцца на працу рэзідэнтамі Парку высокіх тэхналогій, а таксама для заснавальнікаў рэзідэнтаў ПВТ.
Сяргей Каралевіч, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты

Праекты


© 2000 — 2018 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН