Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2018/02/08/941775_550147/
Дата раздрукоўкі: 28.05.2020 22:10
08.02.2018 09:21 Грамадства

Кампанія Mark Formelle стварыла пэтыцыю ў падтрымку напаўаголеных мадэляў у рэкламе

Мінск, 8 лютага. Кампанія па вытворчасці адзення Mark Formelle 7 лютага на сайце сhange.org стварыла петыцыю ў падтрымку напаўаголеных мадэляў у рэкламе.

Петыцыю пад назвай "Абаронім права жанчын выглядаць прыгожа!" да 22.30 падпісала больш за 600 чалавек.

"Вядомага іспанскага мастака Франсіску Гою ў 1808 годзе інквізіцыя абвінаваціла ў амаральнасці за стварэнне карціны "Маха аголеная". Праз 210 гадоў у Беларусі знайшлося больш за тысячу чалавек, якія запатрабавалі забараніць рэкламу жаночай бялізны, калготак і салярыяў, бо ў гэтай рэкламе выкарыстоўваюцца вобразы прыгожых напаўаголеных жанчын і мужчын", — адзначаецца ў петыцыі.

Звярнуўшыся ў Нацыянальны сход, Савет міністраў, Міністэрства культуры і Мінгарвыканкам, ініцыятары забароны заявілі, што такая рэклама "дыскрэдытуе Рэспубліку Беларусь у вачах грамадзян дзяржаў з устойлівымі маральна-этычнымі нормамі", "ганіць аб'екты, якія з'яўляюцца гісторыка-культурнымі каштоўнасцямі", "прапагандуе сексуальную разбэшчанасць", "фармуе вобраз жанчыны выключна як сексуальнага аб'екта".

У выніку Рэспубліканская экспертная камісія па прадухіленні прапаганды гвалту, парнаграфіі і жорсткасці прыйшла да высновы, што рэкламная прадукцыя "не зневажае гонар і годнасць асобы, не парушае агульнапрынятыя нормы маралі і маральнасці, можа размяшчацца ў месцах і гандлёвых пунктах, знаходжанне якіх вызначаецца мясцовымі выканаўчымі органамі". Аднак "для пазбягання падобных скаргаў насельніцтва" камісія не рэкамендуе "размяшчэнне гэтай рэкламнай прадукцыі на білбордах, устаноўленых у метро, бліз устаноў адукацыі і рэлігійных комплексаў, а таксама ўздоўж аўтамагістраляў".

"Калі мы прачыталі пра гэта, то былі ўражаныя і шакаваныя, — адзначаецца ў петыцыі. — Тысячы гадоў жаночая прыгажосць натхняла мастакоў і скульптараў на стварэнне твораў мастацтва, а мужчын у цэлым — на подзвігі. І ніхто ў здаровым розуме (ну, за выключэннем той самай сярэднявечнай інквізіцыі) не думаў пра тое, каб пазбавіць жанчын права быць прыгожымі і прывабнымі".

"Прыблізна 90% супрацоўнікаў кампаніі Mark Formelle — жанчыны. Мы ведаем, з якімі праблемамі яны сутыкаюцца, і ўсяляк падтрымліваем рух у абарону іх правоў. Але ўсяляк пратэстуем супраць фанатызму, які ў выніку цягне ўшчамленне гэтых правоў. Прыгажосць — гэта тое, без чаго наш свет немагчымы. Людзі атрымліваюць эстэтычнае задавальненне, сузіраючы у тым ліку і прыгажосць чалавечага цела. Не трэба пазбаўляць іх гэтага! Наша кампанія паслядоўная ў абароне правоў жанчын. Менавіта таму напярэдадні 8 Сакавіка мы абвяшчаем аб пачатку збору подпісаў і лайкаў у абарону права ўсіх нашых самых лепшых і самых каханых жанчын у свеце выглядаць прыгожа!" — пішуць аўтары.
БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2020 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН

.239