Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2018/02/08/941808_224511/
Дата раздрукоўкі: 01.12.2020 23:44
08.02.2018 11:11 Грамадства

Гучную справу аб серыі згвалтаванняў, разбоі, выкраданні і забойстве ў Полацку і Наваполацку будзе слухаць Віцебскі абласны суд

Мінск, 8 лютага. Гучную крымінальную справу аб серыі згвалтаванняў, разбоі, выкраданні і забойстве непаўналетняй у Полацку і Наваполацку будзе слухаць Віцебскі абласны суд.

Паводле звестак Генеральнай пракуратуры, якая вывучыла справу, абвінавачанымі прызнаныя чацвёра раней судзімых ураджэнцаў Полацкага раёна 1964, 1965, 1981 і 1983 гадоў нараджэння. Ім інкрымінуюць здзяйсненне шэрагу згвалтаванняў, гвалтоўных дзеянняў сексуальнага характару, выкраданняў чалавека, разбойных нападаў, хуліганства, а таксама замахаў на некаторыя з пералічаных злачынстваў. Двум з чатырох фігурантаў таксама выстаўленае абвінавачанне ў забойстве з абцяжарвальнымі абставінамі.

Згодна са звесткамі следства, мужчыны знаёміліся на вуліцы з нецвярозымі дзяўчатамі і прапаноўвалі ім бавіць час разам. Затым яны падмешвалі ў спіртныя напоі сваім ахвярам нейралептыкі. Пасля таго як медыкаменты пачыналі дзейнічаць, ахвяр у несвядомым стане перавозілі ў кватэру ў Наваполацку, дзе здзяйсняліся згвалтаванні і іншыя гвалтоўныя дзеянні сексуальнага характару.

У канцы верасня 2012 года кіраўнік арганізаванай групы і яго знаёмы сустрэлі ў Полацку непаўналетнюю дзяўчыну і запрасілі яе ў кафэ. "Усведамляючы магчымае наступленне смерці ад ужывання нейралептыкаў з алкаголем, апошнія паставіліся да гэтага абыякава і прапанавалі дзяўчыне выпіць такі напой. Як вынік, непаўналетняя памерла ў кватэры ў Наваполацку, у якую дастаўляліся большасць ахвяр", — адзначаецца ў паведамленні Генпракуратуры.

На працягу некалькіх гадоў праваахоўныя органы адшуквалі дзяўчыну як зніклую без вестак, таму што абвінавачаныя старанна схавалі сляды забойства, пахавалі цела ў кар'еры ў Полацкім раёне.

Крымінальная справа знаходзілася ў вытворчасці галоўнага следчага ўпраўлення Следчага камітэта.
Вячаслаў Будкевіч, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты




© 2000 — 2020 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН

.239