Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2018/02/08/941844_102587/
Дата раздрукоўкі: 05.06.2020 00:07
08.02.2018 14:02 Эканоміка, Фінансы

"Банк БелВЭБ" усталяваў у Мінску аўтаматычны тэрмінал для абмену валют

Мінск, 8 лютага. "Банк БелВЭБ" увёў у Мінску ў эксплуатацыю прыладу аўтаматычнага абмену валют. Як паведамляе прэс-служба банка, тэрмінал усталяваны ў цэнтральным офісе банка на вуліцы Мяснікова, 32.

Сэрвіс аўтаматычнага абмену валют дазваляе кліентам самастойна абменьваць наяўную замежную валюту (долары ЗША, еўра, расійскія рублі) на беларускія рублі, у тым ліку ў выглядзе манет. Плата за правядзенне аперацыі не спаганяецца.

Найбліжэйшым часам плануецца ўвесці ў эксплуатацыю некалькі тэрміналаў аўтаматычнага абмену замежнай валюты ў месцах масавага знаходжання людзей (аэрапорт, чыгуначны вакзал, сталічныя гандлёвыя цэнтры), удакладнілі ў прэс-службе.

Паводле слоў дырэктара дэпартамента банка па працы з каштоўнасцямі Аляксандра Асмалоўскага, адкрыццё аўтаматычнага абменнага пункта адбылося ў адпаведнасці з праграмай "Банка БелВЭБ" па пераходзе да новага фармату высокатэхналагічных пунктаў продажу і пашырэння выкарыстання банкаўскага абсталявання.

"Мы чакаем, што паслуга будзе запатрабаваная, у тым ліку ў замежных турыстаў, якія прыбываюць у Рэспубліку Беларусь на спартыўныя і культурныя мерапрыемствы", — цытуе менеджара прэс-служба.

Гэта не першы банкамат для аўтаматычнага абмену валют, усталяваны ў Мінску. У 2017 годзе некалькі падобных прылад усталяваў у гасцініцах і нацыянальным аэрапорце "Прыёрбанк".
Аляксей Аляксандраў, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2020 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН

.239