Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2018/02/08/941902_12345/
Дата раздрукоўкі: 27.11.2020 05:56
08.02.2018 16:05 Грамадства, Эканоміка

Лукашэнка даручыў Шэйману ўзмацніць ролю Кіраўніцтва справамі прэзідэнта ў эканоміцы

Мінск, 8 лютага. Ролю і значэнне Кіраўніцтва справамі прэзідэнта ў эканоміцы краіны неабходна ўзмацняць. Такую задачу паставіў Аляксандр Лукашэнка перад кіраўніком спраў прэзідэнта Віктарам Шэйманам падчас рабочай сустрэчы 8 лютага. "На гэта трэба арыентавацца. І ролю кіраўніцтва справамі трэба павышаць. Гэта галоўная задача", — сказаў Лукашэнка.

Паводле звестак прэс-службы прэзідэнта, на сустрэчы абмяркоўваліся вынікі работы Кіраўніцтва справамі і падведамасных прадпрыемстваў у 2017 годзе і перспектывы на наступны перыяд. Адзначалася, што прадпрыемствы, якія ўваходзяць у структуру кіраўніцтва, паказалі добрую дынаміку, "павысілася рэнтабельнасць у сельскагаспадарчым і прамысловым сегментах". "Экспарт тавараў і паслуг у цэлым па кіраўніцтве справамі летась вырас на 21,4% у параўнанні з 2016 годам. Дадатнае сальда знешняга гандлю павялічылася на 24%", — гаворыцца ў паведамленні.

Шэйман далажыў аб планах па засваенні новых напрамкаў у дзейнасці кіраўніка спраў. "Так, прапрацоўваецца пытанне пашырэння работы ў галіне фармацэўтыкі — адпаведная тэматыка абмяркоўваецца з партнёрамі ў Індыі і Казахстане. Акрамя таго, разгледжана пытанне стварэння прадпрыемства ў сферы электронных латарэй", — паведамляе прэс-служба.

Шэйман таксама далажыў аб рэфармаванні сельскагаспадарчага холдынга, які ўваходзіць у структуру Кіраўніцтва справамі прэзідэнта, стварэнні тавараправоднай сеткі па пастаўках у расійскія рэгіёны мясной і малочнай прадукцыі.

Кіраўніцтва справамі прэзідэнта было створанае ўказам Лукашэнкі ў жніўні 1994 года. Асноўнымі яго задачамі з`яўляюцца:
- фінансавае, матэрыяльна-тэхнічнае, сацыяльна-бытавое, медыцынскае забеспячэнне дзейнасці рэспубліканскіх органаў дзяржкіравання;
- арганізацыя адпачынку і аздараўлення грамадзян Беларусі і іншаземцаў;
- стварэнне належных умоў для знаходжання ў краіне афіцыйных дэлегацый замежных дзяржаў і міжнародных арганізацый, дыпламатычных прадстаўніцтваў;
- забеспячэнне захаванасці ўнікальных запаведных месцаў Рэспублікі Беларусь, якія маюць нацыянальнае і міжнароднае значэнне;
- захаванне, падтрыманне і развіццё беларускіх народных промыслаў, рамеснага мастацтва, гістарычных традыцый;
- забеспячэнне правядзення дзяржаўнай палітыкі ў сферы гуманітарнай дзейнасці.

Як адзначае сайт кіраўніка дзяржавы, Кіраўніцтва справамі прэзідэнта "прайшло шлях ад невялікага падраздзялення, якое займалася матэрыяльна-тэхнічным і сацыяльна-бытавым забеспячэннем вышэйшых органаў дзяржаўнай улады, да буйнога шматгаліновага суб`екта гаспадарчай дзейнасці, які аб`яднаў дзясяткі паспяховых падведамасных прадпрыемстваў".

Сёння ў структуры кіраўніцтва справамі — больш за 100 падпарадкаваных арганізацый, размешчаных на тэрыторыі і за межамі краіны. У яго падпарадкаванні, у прыватнасці, знаходзяцца нацыянальныя паркі "Белавежская пушча", "Нарачанскі", "Прыпяцкі", "Браслаўскія азёры" і Бярэзінскі біясферны запаведнік, а таксама каля 400 адміністрацыйных і грамадскіх будынкаў.

Віктар Шэйман быў прызначаны кіраўніком спраў прэзідэнта 21 студзеня 2013 года.
БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты




© 2000 — 2020 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН

.239