Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2018/02/08/941919_12345/
Дата раздрукоўкі: 01.12.2020 05:11
08.02.2018 17:06 Эканоміка

Сямашка: Беларускія НПЗ павінны мець альтэрнатыўныя крыніцы паставак нафты

Мінск, 8 лютага. Беларускія НПЗ павінны мець альтэрнатыўныя крыніцы паставак нафты, заявіў намеснік прэм'ер-міністра Уладзімір Сямашка 8 лютага на выніковай калегіі савета канцэрна "Белнафтахім".

Паводле інфармацыі Сямашкі, у 2017 годзе ААТ "Нафтан" і Мазырскі НПЗ атрымалі для перапрацоўкі 18 млн тон расійскай нафты, паведамляе БелТА. Сёлета, паводле яго слоў, лічба будзе такая ж, што адпавядае дамоўленасцям з Расіяй.

"Але павінны быць варыянты, гэта відавочна для дырэктараў НПЗ, кіраўніцтва канцэрна "Белнафтахім" з улікам задач, якія стаяць перад галіной", — адзначыў ён. Летась у межах дыверсіфікацыі крыніц вуглевадароднай сыравіны былі арганізаваныя пастаўкі іранскай нафты.

Віцэ-прэм'ер падкрэсліў, што ўсе пытанні па нафце з Расіяй урэгуляваныя да 2024 года ўключна. З Беларусі знятае абавязацельства штогод пастаўляць у Расію 1 млн тон нафтапрадуктаў штогод. Паводле яго слоў, калі б гэтыя пастаўкі былі абавязковымі, гэта магло б прывесці да страт 150 млн за год.

Сямашка таксама паведаміў, што мадэрнізацыя беларускіх нафтаперапрацоўчых заводаў (ААТ "Нафтан" і Мазырскі НПЗ) у цэлым ідзе па графіку. "Усе работы ідуць у цэлым па графіку. Тэрміны пазначаныя, трэба іх выконваць", — сказаў віцэ-прэм'ер.

Ён падкрэсліў, што без мадэрнізацыі немагчыма гаварыць пра канкурэнтаздольнасць нафтаперапрацоўчых вытворчасцяў. "Трэба бесперапынна гэтым займацца, тады будзе вынік, — заявіў ён. — Нягледзячы на ўсе складанасці і крызісы, трэба весці мадэрнізацыю і ствараць новыя вытворчасці".

Апошні беларуска-расійскі нафтагазавы канфлікт, які цягнуўся больш за год, быў вырашаны ў красавіку 2017 года на ўзроўні прэзідэнтаў. Аляксандр Лукашэнка і Уладзімір Пуцін дамовіліся аб формуле па цане на газ да 2019 года, па нафце — да 2024 года. Была таксама дасягнутая дамоўленасць аб аднаўленні гадавога аб'ёму паставак расійскай нафты ў Беларусь да 24 млн тон за год.

Шукаць альтэрнатыўныя варыянты паставак нафты ўраду "ў сувязі з паводзінамі Расіі" раней даручаў Аляксандр Лукашэнка.

У лютым 2017 года стала вядома, што даччынае прадпрыемства дзяржаўнай "Беларуснафты" Beloil Polska заключыла з Нацыянальнай іранскай нафтавай кампаніяй (NIOC) здзелку на пастаўку 600 тысяч бараляў нафты. Першая партыя іранскай нафты была дастаўленая ў сакавіку ў Адэскі порт, а затым цягніком — у Беларусь. У Мінску заяўлялі, што іранская нафта закліканая стаць альтэрнатывай расійскай, пастаўкі якой у Беларусь з пачатку года былі значна скарочаныя з-за рознагалоссяў у энергетычнай сферы.

Як заявіў Уладзімір Сямашка падчас размовы з журналістамі ў межах Беларускага прамысловага форуму 23 мая 2017 года, ён не выключае, што пастаўкі ў Беларусь іранскай нафты будуць працягнутыя.
БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты




© 2000 — 2020 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН

.239