Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2018/02/08/941980_941981/
Дата раздрукоўкі: 27.11.2020 06:48
08.02.2018 21:22 Палітыка, Эканоміка

Дзяржпагранкамітэт: У 2017 годзе асноўная рызыка памежнай бяспекі была звязана з незаконнай міграцыяй і кантрабандай наркотыкаў

Мінск, 8 лютага. Вынікі працы па арганізацыі пагранічнай бяспекі і прыярытэтныя задачы на 2018 год абмеркаваны на пашыраным пасяджэнні калегіі Дзяржаўнага пагранічнага камітэта Беларусі 8 лютага.

Як паведамілі ў ДПК, на калегіі адзначана, што, як і раней, асноўная рызыка памежнай бяспекі была звязана з незаконнай міграцыяй і кантрабандай наркотыкаў. Актыўнае ўзаемадзеянне органаў памежнай службы з калегамі з праваахоўных органаў дазволіла забяспечыць стабільнасць і кантроль сітуацыі на мяжы.

У мінулым годзе колькасць затрыманняў парушальнікаў мяжы ўзрасла на 14%, у два разы знізілася колькасць парушэнняў пагранічнага рэжыму грамадзянамі Беларусі. У рамках барацьбы з трансгранічнай злачыннасцю самастойна і ва ўзаемадзеянні з іншымі ведамствамі спынена больш за 30 каналаў незаконнай міграцыі, затрымана больш за 70 арганізатараў і іх памагатых. Таксама выяўлена і затрымана 24 замежнікі з прыкметамі датычнасці да экстрэмісцкай дзейнасці.

Адным з важных вынікаў года на калегіі названа маштабная праца па ўдасканаленні сістэмы аховы дзяржмяжы. За кошт аптымізацыі органаў пагранслужбы павялічана шчыльнасць яе аховы на розных кірунках.

Так, на мяжы з Украінай выстаўлены дзве заставы на участках Мазырскага пагранатрада і Гомельскай пагрангрупы, пачалі ахову мяжы на пастаяннай аснове тры пасты на ўчастку Пінскага пагранатрада. Уведзены ў эксплуатацыю новыя комплексы заставы "Дзівін" Пінскага атрада, заставы "Астравецкая" і паста "Клявіца" Смаргонскай групы.

Забяспечаны бесперабойны пропуск праз дзяржаўную мяжу амаль 26 млн чалавек і больш за 8,5 млн транспартных сродкаў.

У адпаведнасці з даручэннем прэзідэнта для павышэння камфорту грамадзян, якія перасякаюць мяжу, з верасня 2017 года ў Нацыянальным аэрапорце Мінск рэалізаваны комплекс мерапрыемстваў па скарачэнні часу праходжання працэдур кантролю да 15 хвілін. "Гэтыя напрацоўкі дапамогуць забяспечыць дынамічны пропуск ўдзельнікаў і гасцей Другіх Еўрапейскіх гульняў у наступным годзе", — гаворыцца ў паведамленні ДПК.

З лютага 2017 года ажыццёўлены пагранічны кантроль больш за 79 тыс. іншаземцаў, якія прыбылі ў Беларусь у бязвізавым парадку праз пункт пропуску ў Нацыянальным аэрапорце Мінск.

Змяненне статусу пункта пропуску "Лоша" на міжнародны з лютага 2017 года дазволіла на 15% знізіць нагрузку на пункты пропуску "Катлоўка" і "Каменны Лог" па легкавым аўтатранспарце, а таксама перадумовы да стварэння чаргі.

У ліку прыярытэтаў дзейнасці органаў пагранслужбы ў 2018 годзе вызначаны далейшае ўдасканаленне памежнай інфраструктуры, выстаўленне новых падраздзяленняў мяжы і аснашчэнне іх сучаснымі тэхнічнымі сродкамі аховы, стварэнне камфортных умоў для нясення службы памежнікамі. Працягнецца планавая аптымізацыя органаў памежнай службы. У пунктах пропуску сумесна з мытняй плануецца далейшае ўдасканаленне парадку пропуску праз мяжу фізічных асоб і транспарту, а таксама ўкараненне ў дзейнасць памежнага кантролю новых тэхналогій.

На "зялёнай" мяжы акцэнт будзе зроблены на актыўным прыцягненні насельніцтва памежжа да аховы мяжы.

З улікам нагрузкі, якую нясе Беларусь па арганізацыі бяспекі знешніх межаў Еўрасаюза і Саюзнай дзяржавы, працягнецца актыўная праца пагранічнага ведамства з міжнароднымі партнёрамі.
Вячаслаў Будкевіч, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты




© 2000 — 2020 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН

.239