Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2018/02/09/942034_558746/
Дата раздрукоўкі: 21.05.2018 13:53
09.02.2018 11:51 Эканоміка, Грамадства

Сукала: Узяцце пад варту падазраваных у эканамічных злачынствах павінна мець выключны характар

Мінск, 9 лютага. Узяцце пад варту падазраваных у эканамічных злачынствах павінна мець выключны характар, заявіў старшыня Вярхоўнага суда Валянцін Сукала ў інтэрв'ю газеце "Советская Белоруссия", апублікаваным 9 лютага.
Паводле яго слоў, "ужо ёсць адпаведныя напрацоўкі, якія неўзабаве будуць унесеныя ў крымінальнае заканадаўства". "Вярхоўны суд у плане гэтых зменаў настроены досыць радыкальна. Хоць і сёння ў нас асуджэнне да пазбаўлення волі па эканамічных складах злачынстваў складае толькі 11%, але я думаю, што ёсць магчымасць скараціць і гэты паказчык. Акрамя таго, важна змяніць і падыход да абрання меры стрымання для падазраваных у эканамічных злачынствах. Заключэнне пад варту, на мой погляд, павінна мець выключны характар", — сказаў Сукала.

Кажучы пра магчымасць змякчэння крымінальнага пакарання ў цэлым, старшыня Вярхоўнага суда адзначыў магчымасць увядзення ў заканадаўства паняцця крымінальнай правіны. "Гэтая навацыя абмяркоўваецца ў Расіі і ўжо ўведзеная ў Казахстане. Вярхоўны суд ініцыяваў разгляд гэтага пытання ў Беларусі, і неўзабаве на прававым савеце пры прэзідэнце будзе абмяркоўвацца магчымасць увядзення паняцця "крымінальная правіна" ў наша заканадаўства. Такі статус магла б атрымаць частка дробных, малаважных злачынстваў, якія варта выключыць з крымінальнага і адміністрацыйнага кодэксаў. Не ведаю, як будзе ўспрынятая гэтая ідэя, але я лічу, што яна з'яўляецца адным са шляхоў далейшага ўдасканалення крымінальна-прававой палітыкі ў краіне", — падкрэсліў Сукала.

Паводле яго слоў, становішча са злачыннасцю ў краіне такое, што прыняцце гэтага рашэння не пацягне якіх-небудзь сур'ёзных прававых наступстваў. "Зірніце на лічбы: цяжкія і асабліва цяжкія злачынствы складаюць толькі 14% ад усіх учыненых. Злачынствы, якія не ўяўляюць вялікай грамадскай небяспекі, — 21%, менш цяжкія — 65%. Вось такая структура злачыннасці плюс яе добрая дынаміка (штогадовае скарачэнне на 5-6%) дазваляе сёння ісці па шляху змякчэння крымінальнай адказнасці. Бо нават дробнае, нязначнае злачынства, за якім ідзе абвінаваўчы прысуд, цягне сёння вельмі сур'ёзныя наступствы для чалавека, звязаныя з судзімасцю і рознымі прававымі абмежаваннямі. А крымінальная правіна прадугледжвала б ўсё ж такі асуджэнне чалавека дзяржавай, але без судзімасці і іншых наступстваў. У выніку такі падыход прывёў бы да зніжэння крыміналізацыі грамадства ў цэлым", — лічыць старшыня Вярхоўнага суда.
Аляксей Аляксандраў, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты

Праекты


© 2000 — 2018 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН