Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2018/02/09/942037_558974/
Дата раздрукоўкі: 28.05.2020 07:44
09.02.2018 11:37 Грамадства

Сукала: Камісіі, што ствараюцца згодна з дэкрэтам № 1, будуць рыхтаваць дакументы для накіравання грамадзян у ЛПП, аднак рашэнне павінен прымаць суд

Мінск, 9 лютага. Дакументы для накіравання грамадзян у лячэбна-працоўныя прафілакторыі (ЛПП) будуць рыхтаваць камісіі, якія ствараюцца згодна з дэкрэтам № 1, сумесна з міліцыяй, але рашэнне павінен прымаць суд. Пра гэта заявіў старшыня Вярхоўнага суда Беларусі Валянцін Сукала ў інтэрв'ю газеце "Советская Белоруссия".

Каментуючы негатыўнае стаўленне чытачоў да таго, што пытанне аб накіраванні асацыяльных асоб у ЛПП будзе вырашацца не судамі, а камісіямі пры мясцовых органах улады, Сукала сказаў: "Значыць, людзі сапраўды не разабраліся. Гэтыя камісіі будуць мець права падрыхтоўкі дакументаў для накіравання ў ЛПП, але не права канчатковага вырашэння гэтага пытання. Яно, як і раней, застанецца за судом".

"Усё ж такі накіраванне ў ЛПП — гэта даволі сур'ёзнае абмежаванне ў правах і свабодах чалавека на працяглы перыяд часу, таму толькі суд зможа прыняць такое рашэнне. І яму зараз будзе прасцей разабрацца, таму што да тых матэрыялаў, якія раней рыхтавалі толькі работнікі міліцыі, дададуцца і дакументы, падрыхтаваныя камісіямі пры мясцовых органах улады", — падкрэсліў Сукала.

Дэкрэт № 1 аб садзейнічанні занятасці падпісаны Аляксандрам Лукашэнкам 25 студзеня. Дакумент прадугледжвае стварэнне пры мясцовых органах улады пастаянна дзейных камісій, якія павінны садзейнічаць грамадзянам знаходзіць працу. Дэкрэт таксама прадугледжвае ўзмацненне прафілактычнай працы з непрацоўнымі грамадзянамі, якія вядуць асацыяльны спосаб жыцця.
БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2020 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН

.239