Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2018/02/09/942040_942045/
Дата раздрукоўкі: 28.05.2020 07:26
09.02.2018 13:10 Грамадства

Кіраўнік Вярхоўнага суда лічыць магчымым больш актыўна прымяняць УДВ для асуджаных паводле "наркатычнага" артыкула 328 КК

Мінск, 9 лютага. Старшыня Вярхоўнага суда Беларусі Валянцін Сукала лічыць магчымым больш актыўна прымяняць умоўна-датэрміновае вызваленне (УДВ) у адносінах да асуджаных на падставе артыкула 328 Крымінальнага кодэкса (незаконны абарот наркатычных сродкаў, псіхатропных рэчываў, іх прэкурсораў і аналагаў). Пра гэта ён заявіў у інтэрв`ю газеце "Советская Белоруссия", апублікаваным 9 лютага.

"Пытанне аб тым, які плён дало ўзмацненне адказнасці ў справе барацьбы з наркаманіяй, нядаўна абмяркоўвалася на прэзідыуме Савета міністраў. Гучалі розныя думкі, але пазіцыі Вярхоўнага суда і МУС па гэтай тэме супалі: узмацненне адказнасці ў свой час было вельмі абгрунтаваным і правільным, але сёння сітуацыя сапраўды змянілася, дасягнуты пазітыўны вынік", — сказаў Сукала.

Паводле яго слоў, у 2017 годзе колькасць судзімасцяў непаўналетніх за злачынствы, звязаныя з абаротам наркотыкаў, знізілася больш як у два разы, паўналетніх грамадзян — на 18%. "І цяпер з`явіліся падставы не для заканадаўчага змякчэння адказнасці за гэты від злачынстваў, але для пошуку новых падыходаў да яго. Напэўна ёсць патрэба ў скарачэнні колькасці асоб, якія прыцягваюцца на падставе першай часткі 328-га артыкула, гэта значыць спажыўцоў. Усё ж такі дзве тысячы чалавек за год — гэта вельмі вялікая лічба, і яна можа быць скарочаная шляхам прымянення іншых мер уздзеяння, напрыклад звязаных з прымусовым лячэннем", — сказаў старшыня Вярхоўнага суда.

Ініцыятыву аб больш шырокім ужыванні УДВ і замене пакарання на больш мяккае для тых, хто асуджаны паводле "наркатычнага" артыкула, Вярхоўны суд падтрымлівае ў дачыненні да тых зняволеных, хто "сапраўды стаў на шлях выпраўлення", адзначыў Сукала.

"Летась больш за 500 чалавек ужо былі ўмоўна-датэрмінова вызваленыя ад пакарання за гэты від злачынстваў. Варта больш аб`ектыўна падыходзіць да асуджэння нават распаўсюджвальнікаў наркотыкаў — у тых выпадках, калі гэтае распаўсюджванне мае характар сумеснага спажывання. Калі адзін наркаман прыкурвае іншаму цыгарэту з нейкім "зеллем", то фармальна гэта таксама распаўсюджванне, але ў гэтым выпадку, па-мойму, можна знаходзіць магчымасць для выхаду за межы самых суровых санкцый, — заявіў Сукала. — Такі падыход не будзе мець масавы характар, ён закране ў асноўным непаўналетніх, але ў цэлым стане адпавядаць агульнай пазітыўнай тэндэнцыі ў справе барацьбы з гэтым злом".

Згодна са звесткамі Вярхоўнага суда, амаль 90% грамадзян, асуджаных у 2017 годзе за незаконны абарот наркотыкаў без мэты збыту, пакаралі пазбаўленнем ці абмежаваннем волі. Пераважную большасць асуджаных — 2.830 чалавек — прызналі вінаватымі ў незаконным абароце наркатычных сродкаў, псіхатропных рэчываў, іх прэкурсораў і аналагаў (арт. 328 КК). У 2016 годзе асуджаных згодна з гэтым артыкулам было амаль на 20% больш.

Дзеянні 1.910 грамадзян кваліфікавалі на падставе ч. 1 арт. 328 КК, якая не прадугледжвае намераў збыць наркотыкі. Тым не менш пазбаўленнем волі было пакарана 797 чалавек, абмежаваннем волі — 912. Выкананне пакарання адтэрмінавалі 193 асуджаным, пяцярых асудзілі з больш мяккім пакараннем, чым прадугледжана артыкулам, яшчэ тром пакаранне не прызначалі. Колькасць непаўналетніх асуджаных згодна з гэтай часткай крымінальнага артыкула знізілася амаль удвая і склала 40 супраць 92 у 2016 годзе. У дзеяннях 920 чалавек суды ўбачылі прыкметы злачынстваў паводле чч. 2—5 арт. 328 КК, у якіх гаворыцца аб збыце, вытворчасці, перапрацоўцы наркотыкаў, дзеяннях у складзе групы або дзейнасці, якая прывяла да лятальнага зыходу. Абсалютнай большасці асуджаных (917) прызначылі розныя тэрміны пазбаўлення волі. У прыватнасці на тэрміны звыш 10 гадоў зняволення асуджаныя 320 чалавек.
Аляксей Аляксандраў, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2020 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН

.239