Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2018/02/09/942044_458796/
Дата раздрукоўкі: 03.06.2020 16:36
09.02.2018 13:19 Грамадства

Сукала: Пакуль смяротнае пакаранне застаецца ў нацыянальным заканадаўстве, мы абавязаныя яго прымяняць

Мінск, 9 лютага. Вярхоўны суд раіць суддзям устрымлівацца ад удзелу ў дыскусіях на тэму прымянення ў Беларусі смяротнага пакарання. Пра гэта старшыня ВС Валянцін Сукала заявіў у інтэрв'ю газеце "Советская Белоруссия", апублікаваным 9 лютага.

"Да таго часу пакуль гэтая мера пакарання застаецца ў нацыянальным заканадаўстве, мы абавязаныя яе прымяняць. Кіруемся тут вядомым прынцыпам рымскага права: Dura lex, sed lex. Закон суровы, але гэта закон. Яго варта выконваць. Я вам больш скажу: Вярхоўны суд нават прапануе суддзям устрымлівацца ад удзелу ў дыскусіях на гэтую тэму. Таму што калі суддзя пачне сумнявацца, ці трэба яму прытрымлівацца заканадаўства, то нічога вартага з гэтага не выйдзе. Мы прымяніцелі закону і не можам дазволіць сабе ўсумніцца ў ім. Інакш перастанем выконваць свае абавязкі", — сказаў Сукала.

Пры гэтым ён падкрэсліў, што ў законе маюць права ўсумніцца заканадаўцы, бо "яны ў сілах змяніць закон". "Не тое каб суддзі самі імкнуліся да прымянення гэтай меры, але бываюць злачынствы, якія настолькі знаходзяцца за межамі маралі, чалавечнасці і цвярозага розуму, што прызначыць іншае пакаранне папросту немагчыма. Вось і летась такое рашэнне было вынесенае ў дачыненні да пяці асоб. Гаворка ідзе пра серыйныя жорсткія забойствы з мноствам пацярпелых", — адзначыў старшыня Вярхоўнага суда.

Пры гэтым Сукала звярнуў увагу, што часовасць смяротнага пакарання замацаваная ў законе, і гэта азначае, што яно можа быць выключанае з нацыянальнага заканадаўства. "Але калі мяне пытаюцца пра асабістае стаўленне да гэтай тэмы, я адмаўляюся адказваць на гэтае пытанне. Бо любы мой адказ можа паўплываць на рашэнне канкрэтнага суддзі па канкрэтнай крымінальнай справе", — падсумаваў ён.

У 2017 годзе прыведзены ў выкананне адзін смяротны прысуд. За апошнія 20 гадоў у краіне было расстраляна больш за 400 асуджаных да вышэйшай меры пакарання. Толькі аднаго асуджанага Аляксандр Лукашэнка памілаваў. Зараз, паводле звестак праваабаронцаў, у камеры смяротнікаў у чаканні выканання пакарання знаходзяцца сем чалавек.

Беларусь застаецца адзінай еўрапейскай краінай, якая выкарыстоўвае смяротнае пакаранне.
Аляксей Аляксандраў, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2020 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН

.239