Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2018/02/09/942051_558742/
Дата раздрукоўкі: 03.06.2020 14:57
09.02.2018 13:52 Грамадства

Сукала: Асобныя апеляцыйныя суды ў Беларусі ствараць не плануецца

Мінск, 9 лютага. Асобныя апеляцыйныя суды ў Беларусі ствараць не плануецца, паведаміў старшыня Вярхоўнага суда Валянцін Сукала ў інтэрв'ю газеце "Советская Белоруссия", апублікаваным 9 лютага.

Сукала адзначыў, што колькасць адмененых прысудаў з накіраваннем справы на новы разгляд у краіне скарацілася за год больш як у два разы. "Калі ў 2016 годзе такіх выпадкаў было 563, то летась — 240. Гэта следства пераходу на апеляцыйнае судаводства ў крымінальным правасуддзі. Гэта значыць зараз ужо суды другой інстанцыі карэктуюць рашэнні ніжэйшых судоў і выносяць канчатковыя вердыкты. Такім чынам мы некалькі ўскладнілі працу апеляцыйных судоў, затое разгрузілі суды першай інстанцыі і значна скарацілі тэрміны разгляду крымінальных спраў", — сказаў ён.

На думку старшыні Вярхоўнага суда, "дасягнуты вынік красамоўна кажа пра тое, што ў справе пераходу на апеляцыйнае судаводства мы знаходзімся на правільным шляху". "І таму плануем перавесці на гэтыя ж рэйкі і грамадзянская правасуддзе. У якім таксама, між іншым, некалькі скарацілася колькасць адмененых судовых рашэнняў, хоць тут яшчэ дзейнічае стары парадак іх праверкі — касацыйны з элементамі апеляцыі", — удакладніў Сукала.

Ён нагадаў, што ў канцы мінулага года быў прыняты закон аб зменах у грамадзянскім судаводстве, згодна з якім у ліпені 2018 года ў Беларусі павінны перайсці на апеляцыю ў гэтай сферы. "Абсалютная большасць грамадзянскіх спрэчак будуць вырашацца ў судах другой інстанцыі. Там будзе канчаткова ставіцца кропка, без зацягвання на гады вырашэння грамадзянскіх канфліктаў. Стаіць задача да мінімуму скараціць умяшанне ў судовыя рашэнні ў парадку нагляду", — дадаў старшыня Вярхоўнага суда.

Сукала адзначыў, што ў Расіі зараз ствараецца дзесяць новых акруговых апеляцыйных судоў. "Але мы не пайшлі гэтым шляхам. У Беларусі судовая сістэма захоўваецца ў ранейшых параметрах, пры гэтым унутры яе цяжар перакладаецца з раённых судоў на абласныя. Так, я не выключаю, што ў сувязі з гэтым нам давядзецца змяняць колькасць судоў другой інстанцыі, якія сёння становяцца па сутнасці апеляцыйнымі. Але гэта адбудзецца не за кошт набору новых кадраў, а шляхам пераводу дзейных суддзяў з раёнаў у вобласці, дзе сур'ёзна ўзрасце цяжар і адказнасць. Нам удасца пазбегнуць стварэння цэлай структуры новых судоў, што было б складана і ў эканамічным, і ў арганізацыйным сэнсе. Так што іншага шляху ў нас няма, да таго ж выбраныя падыходы ўжо пацвердзілі сваю эфектыўнасць і сучаснасць не толькі ў крымінальным, але і ў эканамічным правасуддзі", — падсумаваў старшыня Вярхоўнага суда.
Алясей Аляксандраў, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2020 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН

.239