Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2018/02/09/942069_557489/
Дата раздрукоўкі: 16.06.2021 20:28
09.02.2018 14:20 Грамадства, Эканоміка

У Генпракуратуры створанае падраздзяленне па наглядзе за выкананнем заканадаўства органамі крымінальна-выканаўчай сістэмы і прымусовага выканання

Мінск, 9 лютага. У Генеральнай пракуратуры Беларусі створанае ўпраўленне па наглядзе за выкананнем заканадаўства органамі крымінальна-выканаўчай сістэмы і прымусовага выканання.

Неабходнасць гэтага на сайце галоўнага нагляднага ведамства краіны пракаментаваў намеснік генпракурора Аляксей Стук. "Выкананне судовых і іншых рашэнняў выступае завяршальнай стадыяй судовых ці іншых працэдур па ахове права, — сказаў ён. — Дзейнасць на гэтым этапе стварае перадумовы для непасрэднай рэалізацыі прынятых судом ці іншымі дзяржаўнымі органамі рашэнняў, забяспечвае ахову правоў і законных інтарэсаў грамадзян, грамадства, дзяржавы. Уласна гэта тая стадыя, дзеля якой шмат у чым працуе сістэма правасуддзя і іншыя дзяржаўныя органы".

Паводле яго слоў, пракуратура сістэматычна выяўляе нізкі ўзровень рэальнага спагнання грашовых сродкаў, цяганіну, парушэнне заканадаўства. Таму наспела неабходнасць у кардынальных зменах. "Я найперш кажу аб пракурорскім наглядзе. Варта прыняць дадатковыя меры па забеспячэнні эфектыўнасці рэальнага выканання і кампенсацыі нанесенай шкоды", — заявіў намеснік генпракурора.

Пры гэтым ён падкрэсліў, што стварэнне новага падраздзялення не звязанае з павелічэннем колькасці пракурорскіх работнікаў. Яно ўтворанае за кошт унутраных рэзерваў пры аптымізацыі наяўных структур.

Стук адзначыў, што пракуратура не замахваецца на аўтарытэт органаў юстыцыі, прымусовага выканання. "Мы зацікаўленыя ў моцнай, зладжанай, дзейнай выключна ў прававым полі сістэме органаў прымусовага выканання. Толькі пры гэтай умове і толькі сумеснымі ўзгодненымі дзеяннямі здолеем паспяхова вырашаць задачы, якія стаяць перад намі, дамагчыся умацавання законнасці і правапарадку ў грамадстве", — сказаў ён.

Паводле слоў Стука, практыка пракурорскага нагляду паказала, што некаторыя выканаўчыя дакументы неабгрунтавана не выконваліся гадамі. Гэта прыводзіла да таго, што парушаныя правы грамадзян, інтарэсы дзяржавы доўгі час заставаліся не абароненымі і не адноўленымі, нівеляваліся мэты судаводства і значнасць вынесеных рашэнняў. Гэта нараджала скаргі, негатыўнае стаўленне грамадзян да працы судовай сістэмы, органаў юстыцыі і прымусовага выканання, стварала ўмовы для вырашэння ўзніклых праблем неправавымі метадамі.

Што да задач новага ўпраўлення, Стук адзначыў, што прыярытэтнымі напрамкамі дзейнасці па наглядзе за выкананнем заканадаўства органамі прымусовага выканання вызначаныя ахова правоў і законных інтарэсаў грамадзян, дзяржавы, эфектыўнасць і рэальнае спагнанне сум па выканаўчых дакументах у даход дзяржавы, арганізацый і ўстаноў, спагнанне даходу, атрыманага злачынным шляхам, беспадстаўнага ўзбагачэння, а таксама шкоды, прычыненай злачынствамі і правапарушэннямі.

Будуць вывучацца актуальныя і праблемныя пытанні, якія адмоўна ўплываюць на паўнату выканання, рэальнае спагнанне грашовых сум, магчымыя спосабы іх вырашэння на ведамасным ці заканадаўчым узроўні.

"Асаблівая ўвага — выключэнню фармальнага падыходу да разгляду скаргаў заяўнікаў", — падкрэсліў намеснік генпракурора.
Вячаслаў Будкевіч, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты




© 2000 — 2021 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН

.239