Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2018/02/09/942081_12345/
Дата раздрукоўкі: 23.09.2019 03:41
09.02.2018 13:41 Эканоміка, Грамадства

Лукашэнка абвясціў 2018 год у Беларусі Годам малой радзімы

Мінск, 9 лютага. Аляксандр Лукашэнка абвясціў 2018 год у Беларусі Годам малой радзімы. Пра гэта ён заявіў 9 лютага ў Мінску на ўрачыстай цырымоніі ўручэння дзяржаўных узнагарод лепшым работнікам аграрнай галіны.

Кіраўнік дзяржавы растлумачыў, што "на прыняцце такога важнага рашэння падштурхнулі разважанні пра важнасць малой радзімы ў лёсе кожнага чалавека". "Яна шматаблічная. Для адных гэта родны горад, вуліца ў горадзе або невялікі дворык, вёска, дзе прайшлі лепшыя дзіцячыя гады, для іншых — кавалачак дзікай прыроды, які цешыў вока і дарыў пачуццё напоўненасці і спакою. А для тых, хто з'ехаў шукаць шчасце у іншыя краіны, малой радзімай стала Беларусь", — цытуе Лукашэнку яго прэс-служба.

Беларускі кіраўнік падкрэсліў, што "прыйшоў час кожнаму не толькі ўспомніць пра свае карані, пра месца, дзе засталася часцінка душы, але і аддаць доўг гэтаму лапіку зямлі". "Вельмі хочацца, каб дапамога ішла ад сэрца, стала уласнай ініцыятывай. Яна можа быць матэрыяльнай, стваральнай, асветніцкай, творчай — хто як можа і хто колькі можа. Залежыць ад магчымасцяў, фантазіі і жадання кожнага. Надышоў момант праявіць сябе і ўпісаць сваё імя у гісторыю гэтай малой радзімы, гэтага кавалачка нашай зямлі", — заявіў афіцыйны беларускі лідар.

Лукашэнка падкрэсліў, што "Беларусь — прыгожая і добраўпарадкаваная краіна з чыстымі ўтульнымі гарадамі, дагледжанымі сельгасугоддзямі, багатай прыродай". "Дзяржава шмат зрабіла ў гэтым кірунку і не спыніцца на дасягнутым. Але ж няма мяжы дасканаласці, і заўсёды знойдзецца дзе прымяніць ўласныя сілы. Беларусь — наш агульны дом, і ў нашых інтарэсах зрабіць яго ўтульным і ўзорным, — сказаў ён. — Давайце пакажам, што мы сапраўдныя і руплівыя гаспадары сваёй зямлі. Нас шмат, і таму нават самы сціплы ўклад кожнага згуляе сваю ролю, зробіць краіну яшчэ больш прыгожай".

Лукашэнка падкрэсліў, што "толькі працаўнікі вёскі ведаюць сапраўдную цану ўкладзенай у зямлю працы". "І нягледзячы на тое, што на дапамогу аграрыям прыйшлі індустрыяльныя і навуковыя дасягненні цывілізацыі, праца земляробаў па-ранейшаму застаецца адной з самых напружаных і цяжкіх. У гарачую пару няма месца святам і выхадным. Зямлі трэба аддаць столькі часу і сіл, колькі яна запатрабуе. Іх не вымераеш ні святлом дня, ні стомленасцю. Зямля правярае кожнага, на што ён здольны. Забярэ ўсю ўвагу, але і аддасць больш, калі ставіцца да яе з клопатам", — адзначыў ён.

"Чалавек, які вырас у вёсцы, сярод палёў, лясоў і рэк, ведае, якой сілай і энергіяй напаўняе прырода ўсіх, хто з ёю блізкі. Куды б потым ні закінуў лёс, ён пранясе гэтую сувязь праз усё сваё жыццё. І Радзіма назаўжды застанецца ў яго сэрцы", — дадаў кіраўнік дзяржавы.
Марына Носава, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2019 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН