Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2018/02/09/942134_12345/
Дата раздрукоўкі: 20.06.2018 12:10
09.02.2018 16:26 Спорт

У Пхёнчхане адкрыліся XXIII зімовыя Алімпійскія гульні

Мінск, 9 лютага. У паўднёвакарэйскім Пхёнчхане 9 лютага адкрыліся XXIII зімовыя Алімпійскія гульні.

У спаборніцтвах, якія працягнуцца да 25 лютага, возьмуць удзел спартсмены з 92 краін; яны разыграюць 102 камплекты ўзнагарод у 15 дысцыплінах.

У беларускай дэлегацыі 28 алімпійцаў. 10 чалавек будуць спаборнічаць у біятлоне, 7 — у лыжных гонках, 6 — у фрыстайле, па 2 — у горных лыжах і канькабежным спорце, 1 — у шорт-трэку.

"Усе чатыры гады вялася скрупулёзная падрыхтоўка, — заявіў міністр спорту і турызму Аляксандр Шамко на прэс-канферэнцыі 24 студзеня. — Вялікая адказнасць на спартоўцах, трэнерах, на ўсіх спартыўных функцыянерах. Неабходная стойкасць духу і поспех, каб выстаяць у гэтай няпростай атмасферы. Ёсць хваляванне ў сувязі з неабходнасцю выканання пэўных абавязацельстваў. Алімпійскія гульні ў Сочы былі лепшымі (пяць залатых і бронзавы медалі. — БелаПАН.). Цяпер мы таксама абавязаныя парадаваць нашых заўзятараў".

У той жа час Шамко не стаў агучваць медальныя планы: "Стараемся адыходзіць ад гэтага не таму, што не хочам медалёў. Мы не хочам ставіць дадатковыя перашкоды ў выглядзе псіхалагічных аспектаў. Мяне як кіраўніка радуе, што ўсё неабходнае для падрыхтоўкі было зроблена. Куранят увосень лічаць, ну а мы палічым у канцы лютага і паглядзім, наколькі ўсё было зроблена правільна".

Першыя камплекты ўзнагарод будуць разыграныя 10 лютага (па адным у біятлоне, канькабежным спорце, лыжных гонках, скачках з трампліна і шорт-трэку). Галоўная падзея суботы для беларускай зборнай: жаночы спрынт на 7,5 км з удзелам біятланістак Дар'і Домрачавай (трохразовая пераможца Алімпіяды ў Сочы-2014), Надзеі Скардзіны, Ірыны Крыўко і Надзеі Пісаравай.
Дзмітрый Уласаў, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты

Праекты


© 2000 — 2018 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН