Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2018/02/12/942322_942323/
Дата раздрукоўкі: 15.11.2019 00:42
12.02.2018 12:16 Грамадства

У Гродне знойдзены прадметы часоў Вялікай Айчыннай вайны і астанкі людзей

Мінск, 12 лютага. 11 лютага ў Гродне пры правядзенні земляных работ на будаўніцтве гандлёва-забаўляльнага аб`екта былі знойдзены фрагменты костак і чэрапаў, а таксама рэчы, як мяркуецца, часоў Вялікай Айчыннай вайны.

Паводле інфармацыі УУС Гродзенскага аблвыканкама, знойдзены фрагменты двух ствалоў, процівагаза, каскі, лыжкі, кацялка і 133 патроны неўстаноўленага калібру.

Як паведамілі БелаПАН у абласной міліцыі, знаходка "ў такім фармаце" — адзіная як мінімум за апошнія пяць гадоў. Інфармацыя перададзена ў ваенны камісарыят і адпаведныя службы. Праводзіцца праверка.

Паводле інфармацыі мясцовага інтэрнэт-рэсурсу hrodna.life, астанкі, як мяркуецца, трох салдат выяўленыя падчас работ па ўстаноўцы шумаахоўнага экрана на тэрыторыі будоўлі гандлёва-забаўляльнага комплексу Triniti. Усе работы былі прыпыненыя, на месца знаходкі прыбылі кіраўнікі будаўніцтва. "Астанкі, а таксама вайсковую амуніцыю выявілі нашы будаўнікі, калі капалі шурфы для ўстаноўкі шумаахоўных экранаў. Коўш экскаватара разам з зямлёй дастаў усё гэта наверх, — цытуе рэсурс маркетолага ТРК Triniti Сяргея Іванова. — Здзіўленне, вядома, было неверагоднае — такія знаходкі не кожны дзень адбываюцца. Мы паставіліся з усёй увагай і паведамілі зацікаўленым службам. Адміністрацыя Triniti аказвае ўсю неабходную дапамогу ў правядзенні пошукаў".

Пра інцыдэнт праінфармаваныя міліцыя, Следчы камітэт і Дзяржкамітэт судовых экспертыз (ДКСЭ). Супрацоўнікі ДКСЭ выявілі ў зямлі адзін з салдацкіх медальёнаў, якія байцы насілі пры сабе.

На час археалагічных экспертыз будаўнічыя работы на ўчастку прыпыненыя.
Вячаслаў Будкевіч, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2019 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН