Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2018/02/13/942489_942890/
Дата раздрукоўкі: 22.05.2018 07:36
13.02.2018 12:18 Палітыка

Лукашэнка не бачыць альтэрнатывы мінскай пляцоўцы для ўрэгулявання канфлікту ва Украіне

Мінск, 13 лютага. Рэальнай альтэрнатывы мінскай перамоўнай пляцоўцы для ўрэгулявання канфлікту ва Украіне на сённяшні дзень не існуе, заявіў Аляксандр Лукашэнка 13 лютага на пасяджэнні Савета бяспекі.

"Па-ранейшаму з трывогай успрымаецца развіццё сітуацыі ў нашага найбліжэйшага паўднёвага суседа, — цытуе Лукашэнку прэс-служба прэзідэнта. — Беларусь працягвае забяспечваць неабходныя ўмовы для правядзення рэгулярных пасяджэнняў трохбаковай кантактнай групы. У 2017 годзе адбылося амаль 30 такіх сустрэч. Мяркую, што, нягледзячы на розныя і досыць нечаканыя заявы — для грамадскасці, можа быць, нечаканыя, а для мяне гэта цалкам чаканыя заявы, — рэальнай альтэрнатывы гэтай перамоўнай пляцоўцы на сённяшні дзень не існуе".

Паводле слоў Лукашэнкі, за мінулы год у свеце не ўдалося пагасіць ні адзін з узброеных канфліктаў. Больш за тое, паўсталі новыя ачагі напружанасці, а палітычная канфрантацыя дзяржаў і блокаў атрымлівае заканадаўчае замацаванне ў нацыянальных стратэгіях.

"Разам з узброенымі канфліктамі і дэманстрацыяй гонкі ўзбраенняў у свеце актыўна выкарыстоўваюцца і іншыя формы міжнароднага націску, — адзначыў Лукашэнка. — У іх ліку разнапланавыя санкцыі, шантаж, прыёмы эканамічнага ўдушэння, інфармацыйныя аперацыі. У той жа час механізмы падтрымання міжнароднай бяспекі практычна не працуюць. У гэтых умовах асаблівае значэнне набываюць саюзніцкія адносіны нашай краіны".

18 студзеня прэзідэнт Казахстана Нурсултан Назарбаеў расказаў, што Дональд Трамп падчас сустрэчы з ім заявіў аб мэтазгоднасці пераносу з Мінска перамоў па ўрэгуляванні канфлікту на Данбасе.

19 студзеня на заяву Назарбаева адрэагаваў кіраўнік беларускага МЗС Уладзімір Макей, які заявіў, што Беларусь за лаўрамі міратворца не гоніцца ў адрозненне ад іншых. "Перамовы па Украіне можна перанесці хоць у Антарктыду, калі будзе ўпэўненасць у іх поспеху. Але для з'яўлення гэтай упэўненасці трэба, каб усе ўцягнутыя ў гэты канфлікт бакі былі шчыра нацэленыя на спыненне кровапраліцця", — падкрэсліў Макей. Ён нагадаў, што "не Беларусь напрошвалася ў якасці пляцоўкі для правядзення перамоў па Украіне, а кіраўнікі краін "нармандскай чацвёркі" выказалі просьбу да прэзідэнта Аляксандра Лукашэнкі прыняць у сябе ўдзельнікаў сустрэч па ўрэгуляванні ўкраінскага канфлікту".

Пра тое, што месца правядзення перамоваў не мае прынцыповага значэння для іх выніковасці, заяўлялі таксама прадстаўнікі Кіева і Масквы. Пры гэтым кіраўнік МЗС Украіны Павел Клімкін прызнаў зручнасць Мінска як пляцоўкі для пасяджэнняў кантактнай групы. "Чаму быў абраны Мінск? Гэта адносная нейтральнасць Беларусі, гэта добрая лагістыка — менш за гадзіну (палёту ад Кіева да Мінска). Вядома, пэўныя праблемы з бяспекай, але мы іх можам кантраляваць", — сказаў Клімкін 19 студзеня.
Таццяна Каравянкова, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты

Праекты


© 2000 — 2018 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН