Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2018/02/13/942507_942508/
Дата раздрукоўкі: 03.12.2020 03:58
13.02.2018 13:12 Палітыка, Грамадства

Лукашэнка: У кіраўніцтва Расіі няма сур'ёзнага разумення неабходнасці ўмацоўваць узброеныя сілы саюзнікаў

Мінск, 13 лютага. Крытычную заўвагу ў адрас Расіі зрабіў 13 лютага на пасяджэнні Савета бяспекі Беларусі Аляксандр Лукашэнка.

"Мы вельмі сур'ёзна ў АДКБ недаацэньваем небяспеку той сітуацыі, якая складваецца. Расія сама па сабе мадэрнізуе ўзброеныя сілы. Мы нешта спрабуем разам з іншымі членамі ўзбройвацца, мадэрнізавацца і гэтак далей. Кожны сам па сабе", — цытуе кіраўніка дзяржавы яго прэс-служба.

Лукашэнка канстатаваў, што асноўны цяжар па абароне агульнай прасторы ў выпадку неабходнасці, натуральна, ляжа на Расію. "Але сур'ёзнага разумення ў кіраўніцтва Расіі сёння аб тым, што трэба на найбольш небяспечных напрамках нашай агульнай сумеснай абароны ўмацоўваць нацыянальныя ўзброеныя сілы — Беларусі, Казахстана, Арменіі, іншых краін — такога разумення няма. І гэта вельмі балюча можа адгукнуцца", — папярэдзіў ён.

"Я не ў тым плане, што мы хочам ці ў чарговы раз, як у іх прынята казаць, патрабуем нейкіх грошай на нейкія мерапрыемствы. Але трэба разумець, што, дапусцім, Беларусь з'яўляецца асноўным фарпостам, у тым ліку і Расійскай Федэрацыі, на заходнім напрамку, — растлумачыў сваю пазіцыю Лукашэнка. — А тут сёння найбольш небяспечны напрамак. Хоць і канцэнтрацыя негатыўных з'яў у Афганістане не можа супакойваць нас і на паўднёвым напрамку".

Таму, паводле слоў кіраўніка дзяржавы, трэба вельмі сур'ёзна, па меншай меры, пасля прэзідэнцкіх выбараў у Расіі, падумаць і прымаць рашэнне. "Нам трэба вельмі сур'ёзна не проста мадэрнізаваць нашы ўзброеныя сілы, а трэба ўдасканальваць і больш актыўна прыстасоўваць да магчымых баявых дзеянняў. Магчымых. Зыходзячы з вопыту вядзення войнаў і канфліктаў у сучасны час", — заявіў Лукашэнка.
Вячаслаў Будкевіч, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты




© 2000 — 2020 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН

.239