Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2018/02/13/942528_942529/
Дата раздрукоўкі: 22.04.2018 06:05
13.02.2018 13:21 Эканоміка, Грамадства

Лукашэнка даручыў працягнуць ліквідацыю грувасткіх дазвольных працэдур для бізнесу

Мінск, 13 лютага. На пасяджэнні Савета бяспекі 13 лютага Аляксандр Лукашэнка заявіў аб неабходнасці працягнуць працу па ліквідацыі грувасткіх дазвольных працэдур для бізнесу.
Ён адзначыў, што ў Беларусі рэалізуецца комплекс прававых мер па падтрымцы бізнесу, у тым ліку па зніжэнні мер адказнасці, якія засталіся ў Крымінальным кодэксе яшчэ з мінулага стагоддзя, і ліквідацыі састарэлых, нікому не патрэбных грувасткіх дазвольных працэдур. "Гэту працу, Аляксандр Уладзіміравіч, вам трэба паслядоўна і сістэмна працягваць", — сказаў Лукашэнка, звяртаючыся да генпракурора Беларусі Аляксандра Канюка.

Кіраўнік дзяржавы пацікавіўся тым, як пракуратура выконвае яго даручэнне аб спагнанні пратэрмінаванай дэбіторскай запазычанасці беларускім суб`ектам гаспадарання з-за мяжы. "Дзяржсакратара, кіраўніка Адміністрацыі, урад арыентую: не патрэбныя агульныя развагі, у плане пасяджэнняў, сумесных пасяджэнняў, паездак у Расію. Мне патрэбны канкрэтныя дадзеныя — што зроблена ў гэтым кірунку і якія канкрэтныя вынікі", — цытуе Лукашэнку прэс-служба прэзідэнта.

Паводле звестак Генпракуратуры, у 2017 годзе пастаўкі ў Расію ў агульным аб`ёме экспарту склалі 44,4% і ў параўнанні з 2016 годам выраслі на 18,8%. Пры гэтым даўгі расійскіх гаспадарчых суб`ектаў павялічыліся на 9,3% і дасягнулі 204 млн долараў. Палова ўсёй запазычанасці прыпадае на прадпрыемствы Мінпрама.

30 студзеня ў пасольстве Беларусі ў Маскве Аляксандр Канюк і віцэ-прэм`ер Уладзімір Сямашка правялі нараду па пытаннях скарачэння знешняй пратэрмінаванай дэбіторскай запазычанасці і вяртання валютнай выручкі ў краіну. Канюк заявіў аб тым, што будуць зменены "крытэрыі ацэнкі экспарту пры выкананні суб`ектамі гаспадарання планавых паказчыкаў". "Згодна з новым падыходам падлягае ўліку не кошт адгружаных тавараў, а аб`ём фактычных плацяжоў, якія паступілі за іх, дынаміка змены пратэрмінаваных даўгоў", — сказаў генпракурор. "Адгрузіць прадукцыю замежным пакупнікам — гэта палова справы. Куды важней, каб за пастаўленую прадукцыю своечасова быў зроблены разлік і ў краіну паступіла валюта", — дадаў ён.

"Пракурорскі нагляд за выкананнем заканадаўства ў гэтай сферы праваадносін прыводзіць да высновы пра неабходнасць адыходу ад прасоўвання прадукцыі, асабліва ліквіднай, праз пасрэдніцкія арганізацыі", — падкрэслівалі ў Генпракуратуры.
БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты

Праекты


© 2000 — 2018 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН