Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2018/02/13/942537_942538/
Дата раздрукоўкі: 19.06.2018 01:38
13.02.2018 14:16 Грамадства

Лукашэнка: У Мінабароны ўпушчаныя пытанні працы з асабістым складам, ідэолагі закрыліся паперамі, фармалізмам і даўно састарэлымі формамі працы

Мінск, 13 лютага. Аляксандр Лукашэнка на пасяджэнні Савета бяспекі 13 лютага папрасіў міністра абароны генерал-лейтэнанта Андрэя Раўкова праінфармаваць, якія меры прымаюцца для навядзення парадку ў арміі, павышэння матывацыі і паляпшэння ўмоў службы.

"Вельмі дрэнна, што ў Міністэрстве абароны ўпушчаныя пытанні працы з асабістым складам, — цытуе Лукашэнку яго прэс-служба. — Можа быць, не так аб'ёмна, як я толькі што сказаў, але такія факты мы ведаем".

Кіраўнік дзяржавы заявіў, што выпадкі нестатутных узаемаадносін і іншыя парушэнні — гэта тыя з'явы, пра якія ў беларускай арміі, здавалася б, павінны даўно забыцца. "Чым займаецца ідэалагічная і выхаваўчая вертыкаль у ваенным ведамстве? Па ўсёй бачнасці, адпаведныя кіраўнікі закрыліся паперамі, фармалізмам і даўно састарэлымі формамі працы", — адзначыў Лукашэнка.

У яго таксама ёсць пытанні да органаў пракуратуры: "Чаму сістэма разгортваецца толькі пасля надзвычайных здарэнняў? Як будзе ў далейшым забяспечвацца выкананне законнасці ў воінскіх калектывах?" Паводле слоў Лукашэнкі, Генеральнай пракуратуры і пракуратуры наогул "пара ўжо ад эпізадычных заяў у сродках масавай інфармацыі пераходзіць да больш сістэмнай працы".

Кіраўнік дзяржавы таксама запатрабаваў ад Міністэрства абароны неадкладна ўзмацніць ідэалагічную працу, у тым ліку інфармацыйную.

Нагадаем, тэма нестатутных адносінаў у арміі асабліва праявілася пасля гібелі ў 72-м Аб'яднаным вучэбным цэнтры ў Печах пад Барысавам 21-гадовага пінчаніна Аляксандра Коржыча. Следства доўжыцца ўжо чатыры месяцы.
Вячаслаў Будкевіч, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты

Праекты


© 2000 — 2018 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН