Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2018/02/13/942545_12345/
Дата раздрукоўкі: 19.06.2018 01:36
13.02.2018 14:17 Грамадства

Лукашэнка лічыць, што ў Беларусі ўдаецца многае зрабіць для бяспекі людзей (дапоўнена)

Мінск, 13 лютага. Пытанні забеспячэння правапарадку ў краіне і бяспекі грамадзян абмяркоўваюцца 13 лютага на пасяджэнні Савета бяспекі Беларусі пад старшынствам Аляксандра Лукашэнкі, паведамляе прэс-служба прэзідэнта.

"У краіне ўдаецца многае зрабіць для бяспекі людзей. Абароне грамадства і кожнага чалавека ў Беларусі заўсёды надаецца першараднае значэнне. Мы па праву ганарымся, што Беларусь у нас адносна спакойная і бяспечная краіна", — сказаў Лукашэнка.

У той жа час ён упэўнены, што супакойвацца нельга. "Сёння выразна прасочваюцца тэндэнцыі зніжэння злачыннасці. За апошнія дзесяць з невялікім гадоў удвая знізіўся ўзровень крыміналізацыі грамадства. Зменшылася колькасць пацярпелых з-за злачынных замахаў, а таксама колькасць дарожна-транспартных здарэнняў. Утрая менш садзіцца за руль нецвярозых кіроўцаў, скарачаецца колькасць злачынстваў, учыненых у стане алкагольнага ап'янення", — адзначыў Лукашэнка.

Ён лічыць, што са злачыннасцю трэба будзе яшчэ доўга і сур'ёзна змагацца, супакойвацца на гэтым напрамку ні ў якім разе нельга.

Лукашэнка адзначыў важнасць таго, што няўхільна павышаецца раскрыццё злачынстваў. Радзей у аператыўных зводках фігуруюць падлеткі. Палепшылася становішча на вуліцах гарадоў і ў сельскай мясцовасці. Дастаткова эфектыўна працуе сістэма па выяўленні і спыненні карупцыі. "Як я ўжо казаў, асабліва эфектыўныя тут органы Камітэта дзяржаўнай бяспекі, іншым трэба падцягвацца да гэтага ўзроўню", — сказаў прэзідэнт.

У той жа час ён звярнуў увагу на тое, што ў год здзяйсняецца больш за 86 тыс. злачынстваў і каля 3 тыс. ДТЗ. Штогод ад гэтага гіне каля тысячы чалавек. "Гэта вельмі шмат, — канстатаваў Лукашэнка. — Прычым летась, нягледзячы на зніжэнне колькасці ДТЗ, колькасць загінуўшых на дарогах практычна не змянілася, а дзяцей - нават павялічылася".

У кіраўніка дзяржавы выклікае трывогу рост хатняга гвалту, злачыннасці ў побыце, у адносінах да непаўналетніх, у тым ліку з выкарыстаннем інтэрнэту. "Трэба разабрацца ў эфектыўнасці працы МУС у гэтай сферы, — заявіў Лукашэнка. — Акрамя гэтага, праваахоўнікі бадзёра рапартуюць, што, маўляў, не за гарамі перамога над наркаманіяй. Аднак на мяжы затрымліваюцца тоны наркотыкаў, пры гэтым пераважная колькасць крымінальных спраў распачынаецца за дзесятыя і сотыя долі грамаў. Караюць усякую дробязь, а чаму не ловяць буйных наркагандляроў?"

Прэзідэнт таксама звярнуў увагу на тое, што павялічваецца колькасць загінуўшых ад атручванняў сурагатамі алкаголю. На пасяджэнні Савета бяспекі ён хацеў бы пачуць, якія меры прымаюцца для папярэджання і спынення траплення фальсіфікаванага алкаголю на ўнутраны рынак.

Паводле слоў Лукашэнкі, апошнім часам "усе сацыялагічныя апытанні сігналізуюць, што грамадства на першае месца ставіць праблему алкагалізму".

Ад генеральнага пракурора і міністра ўнутраных спраў Лукашэнка чакае на наступным пасяджэнні Савета бяспекі канкрэтных прапаноў па эфектыўным рашэнні ўскладзеных на ведамства задач у гэтым годзе. "Спакойна жыць вам у гэтым годзе я не дам. Калі толькі самазаспакоіліся, а такія намеры (не тэндэнцыя) самазаспакоенасці ёсць, і калі гэта адбудзецца — будзем пажынаць сумныя плён", — папярэдзіў кіраўнік дзяржавы.
Вячаслаў Будкевіч, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты

Праекты


© 2000 — 2018 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН