Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2018/02/13/942571_924572/
Дата раздрукоўкі: 22.05.2018 07:38
13.02.2018 14:55 Палітыка

Члена аргкамітэта БХД Галіну Каржанеўскую знялі з мясцовых выбараў пасля раздачы на пікеце газеты "Народная воля"

Мінск, 13 лютага. Члена аргкамітэта па стварэнні партыі "Беларуская хрысціянская дэмакратыя" (БХД) Галіну Каржанеўскую па рашэнні тэрытарыяльнай выбарчай камісіі знялі з мясцовых выбараў пасля раздачы ёю прахожым асобнікаў газеты "Народная воля" на адным з агітацыйных пікетаў у Мінску.

Як паведамляе прэс-служба БХД, Каржанеўскай, якая балатавалася ў Мінгарсавет па Матусевіцкай выбарчай акрузе № 33, было вынесена два папярэджанні, апошняе — за раздачу газеты, у якой змяшчалася інфармацыя пра кандыдата.

Сустаршыня аргкамітэта БХД Віталь Рымашэўскі лічыць, што "камісія парушыла не толькі выбарчае заканадаўства, але і мае месца факт парушэння свабоды СМІ". "Падставай для зняцця незалежнага кандыдата стала тое, што на пікеце раздалі некалькі асобнікаў "Народнай волі", якая прадаецца ва ўсіх кіёсках, у тым ліку на тэрыторыі гэтай акругі. Лагічным наступным крокам будзе забарона Цэнтрвыбаркама ўсім незалежным СМІ друкаваць інфармацыю пра кандыдатаў, калі яна не праплачаная", — цытуе Рымашэўскага прэс-служба аргкамітэта.

У аргкамітэце па стварэнні БХД падкрэсліваюць, што, згодна з Выбарчым кодэксам, пры наяўнасці двух папярэджанняў выбарчая камісія мае права зняць кандыдата з перадвыбарнай гонкі, аднак не абавязаная гэтага рабіць.

Галіна Каржанеўская, якая дамаглася рэгістрацыі кандыдатам пасля апратэставання дзеянняў ніжэйшага выбаркама ў Мінскай гарадской камісіі па выбарах, мае намер абскардзіць рашэнне аб зняцці яе з выбараў. Адзначым, што па акрузе № 33 таксама балатуецца дзейны старшыня Мінскага гарадскога савета дэпутатаў Васіль Панасюк.
Аляксей Аляксандраў, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты

Праекты


© 2000 — 2018 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН