Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2018/02/13/942638_558746/
Дата раздрукоўкі: 18.09.2019 21:12
13.02.2018 19:01 Эканоміка, Грамадства

Расійскі лаўкостар "Пабеда" адмовіўся лятаць у Мінск з-за высокіх тарыфаў аэрапорта

Мінск, 13 лютага. Расійскі лаўкостар "Пабеда" адмовіўся ад палётаў у Мінск з-за высокіх тарыфаў на абслугоўванне ў аэрапорце. Гэтую інфармацыю БелаПАН пацвердзілі ў прэс-службе кампаніі.

"Пабеда" пацвярджае адкліканне слотаў і прыпыненне перамоў з аэрапортам Мінска", — паведамілі ў прэс-службе.

У канцы мінулага тыдня генеральны дырэктар нацыянальнага аэрапорта Мінск Дзмітрый Мелікян паведамляў журналістам, што расійскаму лаўкостару прапанавалі такія ж тарыфы, як і іншым расійскім авіякампаніям. Паводле яго слоў, 8 лютага адбылася сустрэча з прадстаўніком "Пабеды". "Мы растлумачылі, што тарыфы, прапанаваныя ім, нічым не адрозніваюцца ад тарыфаў, паводле якіх працуюць "Аэрафлот", "Ютэйр", "Ямал". Гэтыя тры расійскія авіякампаніі на рэгулярнай аснове ажыццяўляюць рэйсы ў Мінск. Ніякіх спецыяльных завышаных тарыфаў для "Пабеды" няма", — заявіў Мелікян інфармагенцтву БелТА.

У "Пабедзе" лічаць, што расійскія авіякампаніі не павінны абслугоўвацца ў Мінску паводле тарыфаў нерэзідэнтаў, у той час як "Белавія" абслугоўваецца ў Маскве паводле тарыфаў для расійскіх кампаній.

"Перамовы з аэрапортам Мінска не будуць адноўленыя да таго часу, пакуль не будуць створаныя роўныя ўмовы па коштце абслугоўвання ў аэрапортах Расіі і Беларусі для расійскіх і беларускіх перавозчыкаў", — адзначылі ў прэс-службе кампаніі.

У снежні мінулага года "Пабеда" атрымала дазвол ад беларускіх авіяцыйных уладаў на палёты па маршрутах Санкт-Пецярбург — Мінск і Масква — Гомель.

Крыніца ў расійскай кампаніі паведаміла інтэрнэт-газеце БелаПАН Naviny.by, што і палёты ў Гомель таксама пад пытаннем. "Пазіцыя беларускіх уладаў не зусім зразумелая, таму адкрыццё рэйсаў пад сумненнем", — сказаў суразмоўца.

"Пабеда" не першы раз спрабуе выйсці на беларускі рынак авіяперавозак. У 2015 годзе лаўкостар таксама скардзіўся на загараджальныя тарыфы з боку аэрапорта. У сваю чаргу беларускія авіяцыйныя ўлады сцвярджалі, што расійскі авіяперавозчык не падаў усе дакументы, неабходныя для акрэдытацыі.

Кампанія "Пабеда" ўваходзіць у групу "Аэрафлот". Яна размяшчаецца ў падмаскоўным аэрапорце Унукава і ажыццяўляе палёты па Расіі, у Арменію, Германію, Грузію, Італію, Іспанію, Казахстан і іншыя краіны.
Аляксандр Ярашэвіч, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2019 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН