Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2018/02/14/942707_942708/
Дата раздрукоўкі: 21.05.2018 11:50
14.02.2018 10:12 Палітыка, Грамадства

У першы дзень датэрмінова прагаласавалі 4,44% выбаршчыкаў

Мінск, 14 лютага. У першы дзень датэрміновага галасавання, 13 лютага, на выбарах дэпутатаў мясцовых саветаў 28-га склікання ў Беларусі прагаласавала 4,44% выбаршчыкаў.
Паводле дадзеных ЦВК, у Брэсцкай вобласці прагаласавала 3,4% выбаршчыкаў, Віцебскай — 4,73%, Гомельскай — 4,18%, Гродзенскай — 3,86%, Мінскай — 4,09%, Магілёўскай — 4,68%, Мінску — 5,76%.

На папярэдніх мясцовых выбарах, якія адбыліся ў сакавіку 2014 года, у першы дзень датэрміновага галасавання на выбарчыя ўчасткі прыйшло 3,82% выбаршчыкаў.

Датэрміновае галасаванне працягнецца да 17 лютага. У самім галасаванні могуць прыняць удзел больш як 6,9 млн выбаршчыкаў.

Па заканадаўстве для прызнання мясцовых выбараў сапраўднымі парог яўкі выбаршчыкаў не ўсталяваны. Выбары будуць прызнаныя пры любой колькасці выбаршчыкаў, якія прагаласуюць.

Дэпутаты будуць абраныя ў 1.309 мясцовых саветаў па 18.111 акругах. Кандыдатамі ў дэпутаты мясцовых саветаў зарэгістравана больш як 22.278 чалавек. З іх 10.946 — жанчыны, 10.362 — дэпутаты дзейнага склікання, 1.169 — грамадзяне ва ўзросце да 30 гадоў, 33 — грамадзяне Расіі. Партыйным з`яўляецца 1.051 кандыдат.

Апазіцыйныя палітычныя партыі і арганізацыі неаднаразова заяўлялі, што мясцовыя выбары 2018 года ў Беларусі з`яўляюцца несвабоднымі і недэмакратычнымі. Пры гэтым кіраўнік Цэнтрвыбаркама Лідзія Ярмошына каля двух тыдняў таму сказала ў інтэрв`ю БелаПАН, што "сённяшні Выбарчы кодэкс дазваляе правесці альтэрнатыўныя і дэмакратычныя выбары".

Высокую яўку выбаршчыкаў на ўчасткі ў першы дзень датэрміновага галасавання фіксавалі незалежныя назіральнікі. Як паведаміў БелаПАН старшыня руху "За Свабоду" Юрась Губарэвіч, назіральнікі кампаніі "Права выбару" прысутнічалі на 24 участках. На большасці з іх ужо ў першай палове дня датэрмінова прагаласавалі прыкладна па 100 чалавек. На думку палітыка, такая высокая яўка на участках, дзе прысутнічаюць незалежныя назіральнікі, дазволіць ЦВК паведаміць аб актыўнасці выбаршчыкаў у першы дзень датэрміновага галасавання на ўсіх участках.
Сяргей Каралевіч, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты

Праекты


© 2000 — 2018 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН