Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2018/02/14/942723_558899/
Дата раздрукоўкі: 07.12.2019 10:45
14.02.2018 11:56 Грамадства

Праваабаронцы ўказваюць на маніпуляцыіі з дыягназам Казакевіча, асуджанага за напад на наведвальнікаў ГЦ "Новая Еўропа" ў Мінску

Мінск, 14 лютага. Праваабаронцы звяртаюць увагу на дзіўныя рэчы з дыягназам Уладзіслава Казакевіча, асуджанага за напад з бензапілой на наведвальнікаў ГЦ "Новая Еўропа" ў Мінску.

Праваабарончая ўстанова "Нью платформ інавейшн" апублікавала на сваім сайце паведамленне, у якім адзначае, што ў заключэннях розных псіхолага-псіхіятрычных экспертыз то з`яўляецца, то знікае дыягназ "шызатыпічнае расстройства асобы". Так, у даведцы РНПЦ псіхічнага здароўя, дзе Казакевіч знаходзіўся на лячэнні ў кастрычніку 2014 года, указаны дыягназ "шызатыпічнае расстройства, парасуіцыд". Тэрмін дзеяння даведкі — "бестэрмінова".

Пасля выпіскі з РНПЦ псіхічнага здароўя Казакевіч быў накіраваны на дыспансерны ўлік у гарадскі клінічны дзіцяча-падлеткавы псіхіятрычны дыспансер Мінска. "Аднак дыспансер не стаў лячыць пацыента ад шызатыпічнага расстройства, і праз паўтара года Казакевіч У.В. быў зняты з дыспансернага ўліку ўжо з зусім іншым дыягназам, — адзначаюць праваабаронцы. — Следам за дыспансерам шызатыпічнае расстройства не ўгледзела камісія экспертаў, якая праводзіла першую комплексную судовую псіхолага-псіхіятрычную экспертызу (пасля нападу на наведвальнікаў гандлёвага цэнтра. — БелаПАН.). А потым і зусім пачалося нешта незразумелае. Шызатыпічнае расстройства ў Казакевіча У.В. то дыягнаставалася, то зноў дзіўным чынам знікала".

Так, 15 студзеня 2018 года камісія ўрачоў-спецыялістаў турмы № 4 (г. Магілёў) дыягнаставала ў Казакевіча наяўнасць хранічнага псіхічнага захворвання — шызатыпічнага расстройства. Пра гэта быў праінфармаваны яго бацька Валянцін Казакевіч лістом за подпісам начальніка турмы. "З улікам усіх наяўных звестак выстаўлены дыягназ шызатыпічнае расстройства асобы, рэмісія", — гаварылася ў лісце.

Аднак 6 лютага 2018 года Казакевічу-старэйшаму паведамілі, што, згодна са звесткамі стацыянарнай судова-псіхіятрычнай экспертызы, праведзенай у РНПЦ псіхічнага здароўя 13 снежня 2017 года, дыягназ "шызатыпічнае расстройства" не пацверджаны, выстаўлены дыягназ "змяшанае расстройства асобы".

"Не трэба быць высокакваліфікаваным спецыялістам, каб разумець, што выстаўлены раней РНПЦ псіхічнага здароўя першапачатковы дыягназ не мог сам сабой нікуды знікнуць, а адсутнасць медыкаментозных метадаў лячэння ніяк не можа пацягнуць устойлівай рэмісіі. Больш за тое, менавіта адсутнасць лячэння прывяла да абвастрэння хваробы і справакавала яе рэцыдыў, які выліўся ў напад на супрацоўнікаў ПУ "ПК-17" УДВП МУС па Магілёўскай вобласці", — падкрэсліваюць праваабаронцы.

На іх думку, "усе маніпуляцыі з дыягназам Казакевіча не больш як спроба схаваць факты таго, што ў Беларусі асудзілі псіхічна хворага чалавека".

"У выпадку прызнання камісіяй экспертаў відавочнага — наяўнасці ў Казакевіча шызатыпічнага расстройства — наступным крокам будзе адмена папярэдняга прысуду і прыцягненне да адказнасці ўрачоў УАЗ "ГК дзіцяча-падлеткавы псіхіятрычны дыспансер" Мінска, якія дапусцілі зняцце з уліку хворага шызатыпічным расстройствам (млявапраяўнай шызафрэніяй). Следам за лекарамі з дыспансера сваіх месцаў могуць пазбавіцца і эксперты, якія праводзілі першую комплексную судовую псіхолага-псіхіятрычную экспертызу", — гаворыцца ў паведамленні "Нью платформ інавейшн".

Акрамя таго, прызнанне такога дыягназу перашкаджае накіраванню Казакевіча ў месцы пазбаўлення волі, бо шызафрэнія, шызатыпічныя расстройствы і стан трызнення ўваходзяць у пералік захворванняў, якія перашкаджаюць адбыванню пакарання, адзначаюць праваабаронцы.

Былы студэнт Міжнароднага ўніверсітэта "МІТСО" Уладзіслаў Казакевіч напаў з бензапілой і кувалдай на людзей у гандлёвым цэнтры "Новая Еўропа" 8 кастрычніка 2016 года. Ад яго рук загінула 43-гадовы прадавец Алена Александронец, яшчэ двух жанчын ён параніў.

3 сакавіка 2017 года Мінгарсуд прыгаварыў Казакевіча да 15 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму, прызнаўшы яго вінаватым у здзяйсненні злачынстваў, прадугледжаных ч. 1 арт. 13 і ч. 2 арт. 139 (падрыхтоўка да забойства двух і больш асоб), ч. 1 арт. 14 і ч. 2 арт. 139 (замах на забойства двух і больш асоб), ч. 2 арт. 139 (забойства, здзейсненае з асаблівай жорсткасцю з хуліганскіх меркаванняў), ч. 1 арт. 339 (хуліганства) КК.

13 чэрвеня 2017 года Вярхоўны суд, разгледзеўшы справу ў апеляцыйным парадку, пакінуў прысуд без зменаў.

12 кастрычніка 2017 года Казакевіч напаў з нажом на супрацоўнікаў папраўчай калоніі № 17 у Шклове, якія выводзілі яго на прагулку. Упраўленне Следчага камітэта па Магілёўскай вобласці расследуе ў дачыненні да Казакевіча крымінальную справу аб "замаху на забойства двух асоб у сувязі з ажыццяўленнем імі службовых абавязкаў асобай, якая раней учыніла забойства". Максімальнае пакаранне за гэтае злачынства — смяротная кара.

Таццяна Каравянкова, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2019 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН