Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2018/02/14/942741_942742/
Дата раздрукоўкі: 20.06.2018 12:01
14.02.2018 12:54 Палітыка, Грамадства

Кампанія "Права выбару" заяўляе аб "рэкордным разыходжанні" ў Мінску яўкі выбаршчыкаў з дадзенымі назіральнікаў

Мінск, 14 лютага. Кампанія "Права выбару" заяўляе, што ў Мінску зафіксавана рэкорднае — амаль у 14 разоў — разыходжанне яўкі выбаршчыкаў з дадзенымі назіральнікаў.
У першы дзень датэрміновага галасавання, якое пачалося 13 лютага, прадстаўнікі кампаніі "Права выбару" знаходзіліся на 154 выбарчых участках. У назіранні удзельнічала 308 чалавек. Яны падалі, паведамляе прэс-служба кампаніі, ва ўчастковыя камісіі 144 прапановы аб правядзенні адкрытага і публічнага падліку галасоў.

Усяго за першы дзень датэрміновага галасавання назіральнікі "Права выбару" падрыхтавалі і падалі восем скаргаў.

Найбольш распаўсюджаным парушэннем, паведамляюць назіральнікі, была неналежная ахова скрыняў для галасавання падчас абедзеннага перапынку. Памяшканні, дзе захоўваліся скрыні для галасавання, не апячатваліся, адзначаюць яны (напрыклад, у Мінску па Старавіленскай акрузе № 41 на ўчастках № 28 і № 34).

На некаторых выбарчых участках, заяўляюць назіральнікі, члены ўчастковых выбарчых камісій адмовілі ў падачы інфармацыі аб колькасці выбаршчыкаў (у Мінску па Трактаразаводскай акрузе № 57 на ўчастках № 28, № 33 і № 35).

Найбольшае разыходжанне ў яўцы выбаршчыкаў назіральнікі зафіксавалі ў Мінску на ўчастку № 27 Карбышаўскай выбарчай акругі № 50. Там, паводле звестак назіральнікаў, прагаласавала ўсяго дзевяць чалавек, аднак па пратаколе камісіі — 123. На ўчастку № 28 гэтай жа акругі, паводле звестак назіральнікаў, прагаласавала 17 чалавек, а паводле афіцыйнай інфармацыі — 58.

Падобная да гэтай сітуацыя зафіксаваная і ў рэгіёнах. Так, у Мастоўскай раённай выбарчай акрузе № 7, паводле звестак назіральнікаў, у першы дзень галасавання прагаласавала 23 чалавекі, а паводле афіцыйных дадзеных — 63.

"Гэтыя парушэнні звязаныя ў большасці выпадкаў з недастатковай падрыхтоўкай членаў участковых выбарчых камісій, якія вельмі часта трактуюць закон па-свойму, — адзначыў нацыянальны каардынатар кампаніі "Права выбару" Аляксандр Сілкоў. — Аднак ужо ёсць сігналы не толькі парушэнняў, але і фальсіфікацый. Я кажу пра завышаную яўку на выбарчых участках. Калі яе пачынаюць завышаць, яна разыходзіцца з дадзенымі назіральнікаў у некалькі разоў, то гэта ўжо першыя званочкі фальсіфікацый выбарчага працэсу. Мы сочым за гэтымі разыходжаннямі вельмі пільна".

Паводле інфармацыі Цэнтрвыбаркама, у першы дзень галасавання прагаласавала 4,44% выбаршчыкаў.

У кампанію назірання уваходзяць восем дэмакратычных грамадскіх і палітычных арганізацый: Аб`яднаная грамадзянская партыя, Беларуская партыя "Зялёныя", Партыя БНФ, Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя (Грамада), рух "За Свабоду", аргкамітэты па стварэнні партыі "Беларуская хрысціянская дэмакратыя" і Партыі свабоды і прагрэсу, прафсаюз РЭП.
Сяргей Каралевіч, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты

Праекты


© 2000 — 2018 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН