Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2018/02/15/942943_942944/
Дата раздрукоўкі: 28.05.2020 14:29
15.02.2018 11:44 Палітыка, Эканоміка

Лукашэнка: Беларуска-турэцкія адносіны перажываюць перыяд рэнесансу

Мінск, 15 лютага. Беларуска-турэцкія адносіны перажываюць "перыяд рэнесансу", заявіў Аляксандр Лукашэнка 15 лютага на сустрэчы з прэм`ер-міністрам Турцыі Біналі Йылдырымам.

"На працягу некалькіх апошніх гадоў беларуска-турэцкія адносіны, я б сказаў, перажываюць нейкі перыяд рэнесансу. Мы наладзілі вельмі добрае супрацоўніцтва ў гандлёва-эканамічнай сферы, а гэта падмурак любых адносін. У нас як ніколі добрыя палітычныя адносіны", — цытуе Лукашэнку прэс-служба прэзідэнта.

Паводле яго слоў, асноўныя міністэрствы і ведамствы дзвюх краін наладзілі цеснае і плённае супрацоўніцтва, а тавараабарот паміж краінамі наблізіўся да 1 млрд долараў. "Але гэта толькі база для далейшага развіцця беларуска-турэцкіх адносін. Давайце выкарыстоўваць гэтую базу для нарошчвання нашых адносін па ўсіх кірунках. Закрытых тэм для супрацоўніцтва з Турэцкай Рэспублікай у нас няма, мы гатовыя з вамі супрацоўнічаць па ўсім спектры", — падкрэсліў беларускі кіраўнік.

У сваю чаргу Біналі Йылдырым падзякаваў Аляксандру Лукашэнку за гасціннасць. Ён расказаў, што напярэдадні правёў сустрэчу з прэм`ер-міністрам Беларусі Андрэем Кабяковым, з якім абмеркаваў найважнейшыя міждзяржаўныя пытанні, у тым ліку развіццё супрацоўніцтва ў эканамічнай, гандлёвай, транспартнай, культурнай сферах.

"Вядома, я спазніўся з візітам у якасці прэм`ер-міністра ў вашу краіну. Карыстаючыся выпадкам, хачу перадаць вам найлепшыя словы ад нашага прэзідэнта Рэджэпа Таіпа Эрдагана. Ён задаволены добрымі адносінамі паміж нашымі дзяржавамі, але лічыць, што мы недастаткова выкарыстоўваем патэнцыял і маем магчымасці для развіцця супрацоўніцтва", — адзначыў кіраўнік турэцкага ўрада.
БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2020 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН

.239