Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2018/02/15/942950_942951/
Дата раздрукоўкі: 28.05.2020 07:53
15.02.2018 12:39 Грамадства

Кіраўнік Мінюста: Пытанне перадачы пенітэнцыярнай сістэмы Мінюсту не абмяркоўваецца

Мінск, 15 лютага. Пытанне перападпарадкавання пенітэнцыярнай сістэмы Мінюсту на дзяржаўным узроўні цяпер не абмяркоўваецца, паведаміў 15 лютага на прэс-канферэнцыі ў Мінску міністр юстыцыі Алег Сліжэўскі. Пры гэтым, дадаў ён, "нічога немагчымага няма".
"Тэма актыўна абмяркоўвалася прыкладна ў 2012 годзе, маніторыліся ўсе плюсы і мінусы. У той момант было прынята рашэнне аб тым, што сёння няма нейкіх сур'ёзных праблем, якія б запатрабавалі перападпарадкавання пенітэнцыярнай сістэмы", — сказаў Сліжэўскі.

Абмеркаванне гэтай тэмы ў грамадстве міністр звязвае з тым, што ў многіх краінах пенітэнцыярная сістэма ўваходзіць у сістэму Мінюста. Але, паводле слоў Сліжэўскага, ёсць таксама мноства краін, у якіх гэтая сістэма мае іншае падпарадкаванне, у тым ліку органам унутраных спраў, альбо дзейнічае самастойна. "Кожная дзяржава выбірае той шлях, які прымальны і больш эфектыўны на дадзеным гістарычным этапе", — адзначыў міністр юстыцыі.

18 студзеня праваабаронцы апублікавалі справаздачу "Рэспубліка Беларусь: месцы несвабоды. 2017", у якой сярод іншага рэкамендавалі вывесці папраўчыя ўстановы і СІЗА з сістэмы МУС. "Знаходжанне месцаў пазбаўлення волі і следчых ізалятараў у сістэме МУС не дазваляе размежаваць функцыі крымінальнага пераследу і выканання пакаранняў, забяспечыць недатыкальнасць абвінавачваных, якія знаходзяцца пад вартай", — лічаць праваабаронцы.

Перадаць Мінюсту паўнамоцтвы дэпартамента выканання пакаранняў МУС таксама патрабуюць сваякі асуджаных, якія ў лютым пачалі збор подпісаў пад адпаведнай петыцыяй. У ёй адзначаецца, што вядома дастаткова выпадкаў парушэнняў правоў асуджаных у месцах пазбаўлення волі (катаванняў, жорсткага абыходжання, рабскай працы, неаказання медыцынскай дапамогі, прымянення надуманых спагнанняў, адсутнасці страхавання жыцця асуджаных, прадузятага прымянення ўмоўна-датэрміновага вызвалення і замены на больш мяккае пакаранне). На думку сваякоў асуджаных, перадача пенітэнцыярнай сістэмы Мінюсту "можа змяніць сітуацыю: кіраваць папраўчымі ўстановамі стануць цывільныя людзі, якія не знаходзяцца ў падпарадкаванні сістэмы МУС, якая прызначана для выкрывання і злаўлення злачынцаў, а не для іх выпраўлення".
Вячаслаў Будкевіч, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2020 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН

.239