Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2018/02/15/942977_12345/
Дата раздрукоўкі: 13.11.2019 02:46
15.02.2018 13:39 Палітыка

Лукашэнка звольніў міністра лясной гаспадаркі і міністра спорту і турызму

Мінск, 15 лютага. Аляксандр Лукашэнка вызваліў ад займаных пасадаў міністра лясной гаспадаркі Міхаіла Амельяновіча і міністра спорту і турызму Аляксандра Шамко "за непрыняцце дзейсных мер па барацьбе з карупцыяй і эканамічнымі правапарушэннямі ў падведамасных арганізацыях", паведамляе прэс-служба прэзідэнта.

Шамко быў прызначаны міністрам спорту і турызму 31 кастрычніка 2012 года. Амельяновіч узначаліў Мінлясгас 12 сакавіка 2010 года.

Кіраўнік Адміністрацыі прэзідэнта Беларусі Наталля Качанава ў каментары БелТА адзначыла, што патрабаванні кіраўніка дзяржавы па бескампраміснай барацьбе з карупцыяй у дзяржаўных органах і арганізацыях вядомыя. "Любы такі факт наносіць непапраўную шкоду іміджу ўлады і грамадскім адносінам у дзяржаве", — сказала яна.

"У сувязі з гэтым кіраўнік дзяржавы яшчэ раз звярнуў увагу кіраўнікоў усіх узроўняў на ўзмацненне персанальнай адказнасці па выкананні патрабаванняў антыкарупцыйнага заканадаўства, недапушчэнні правапарушэнняў у гэтай сферы. Да кіраўнікоў, у падведамных арганізацыях якіх будуць устаноўленыя падобныя факты, будуць прымацца самыя жорсткія, але справядлівыя меры, уключаючы вызваленне ад займаных пасадаў", — падкрэсліла кіраўнік Адміністрацыі прэзідэнта.

Тэма антыкарупцыйнай дзейнасці дзяржорганаў абмяркоўвалася 1 лютага на сустрэчы Аляксандра Лукашэнкі са старшынёй КДБ Валерыем Вакульчыкам. Лукашэнка тады заявіў, што сёння дзяржаўная бяспека для Беларусі — гэта перш за ўсё эканамічная бяспека. Ён падзякаваў КДБ за "добрую працу ў сферы барацьбы з карупцыяй". "За што я хачу вам падзякаваць, можа быць, гэта не толькі ваша функцыя, — за працу ў кірунку антыкарупцыйнай дзейнасці. Ніхто больш чым КДБ сёння ў гэтым плане не зрабіў. Асабліва па пытаннях значных злачынстваў у сферы карупцыі", — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.

"Карупцыя — гэта страшная іржа, супраць якой трэба змагацца. Вельмі шкада, што некаторыя ведамствы, якія гэтым займаюцца, не выйшлі на ваш ўзровень. Але гэта ўжо маё пытанне, я ўжо дацягну іх да ўзроўню эфектыўнай барацьбы, як у вас гэта функцыянуе. Гэта мы падправім", — дадаў Лукашэнка.
БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2019 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН