Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2018/02/15/942982_12345/
Дата раздрукоўкі: 15.11.2019 01:00
15.02.2018 13:48 Палітыка, Грамадства

Ярмошына: Высокая яўка падчас датэрміновага галасавання абумоўленая законнай стымуляцыяй выбаршчыкаў

Мінск, 15 лютага. Высокая яўка на мясцовых выбарах, якая за два дні датэрміновага галасавання перавысіла 11%, абумоўленая законнай стымуляцыяй выбаршчыкаў з боку ўлады. Пра гэта заявіла старшыня Цэнтрвыбаркама Лідзія Ярмошына, адказваючы на пытанне БелаПАН 15 лютага, пасля галасавання на выбарчым участку.
"У гарадах яўку на гэты момант проста стымулююць бюджэтныя арганізацыі, навучальныя ўстановы. Гэта натуральны працэс: працуюць над яўкай, заклікаюць", — сказала яна.

Паводле слоў Ярмошынай, стымуляцыя — "гэта заклікі, рэкамендацыі па месцы працы і вучобы". "У выхадныя дні выбаршчыкі вольныя ад усякіх заклікаў, акрамя тэлевізійных. Таму менавіта цяпер дзяржаўная, вучэбная, адміністрацыйная ўлада выкарыстоўвае ўсе рычагі для таго, каб стымуляваць выбаршчыка прыйсці на ўчасткі і прагаласаваць", — заявіла кіраўнік ЦВК.

Стымуляцыя да галасавання, на думку Ярмошынай, не азначае прымусу да яго. "Прымушаюць — гэта калі кажуць, што калі ты не прыйдзеш, то табе будзе дрэнна (цябе выселяць з інтэрнату, ты не атрымаеш прэміі). Рэкамендацыі прыйсці на ўчасткі — гэта не больш чым стымуляванне ў межах закона", — патлумачыла старшыня ЦВК.

За два дні датэрміновага галасавання, 13—14 лютага, на выбарах дэпутатаў мясцовых саветаў 28-га склікання ў Беларусі прагаласавала 11,06% выбаршчыкаў (у першы дзень — 4,44%).

Паводле даных ЦВК, у Брэсцкай вобласці прагаласавала 9,33% выбаршчыкаў, Віцебскай — 11,36%, Гомельскай — 10,98%, Гродзенскай — 9,66%, Мінскай — 11,05%, Магілёўскай — 11,72%, Мінску — 12,67%.

На папярэдніх мясцовых выбарах, якія адбыліся ў сакавіку 2014 года, за два дні датэрмінова прагаласавала 9,8% выбаршчыкаў (у першы дзень — 3,82%).

Датэрміновае галасаванне працягнецца да 17 лютага. У самім галасаванні могуць узяць удзел больш як 6,9 млн выбаршчыкаў.
Сяргей Каралевіч, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2019 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН