Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2018/02/15/943038_12345/
Дата раздрукоўкі: 15.11.2019 00:40
15.02.2018 17:16 Палітыка, Грамадства

Праваабаронцы заяўляюць пра выкарыстанне "каруселяў" на мясцовых выбарах

Мінск, 15 лютага. Назіральнікі кампаніі "Праваабаронцы за свабодныя выбары" паведамляюць аб выкарыстанні "каруселяў" на мясцовых выбарах падчас датэрміновага галасавання, калі пэўныя людзі па ўказанні свайго кіраўніцтва наведваюць розныя ўчасткі, галасуючы за падстаўных выбаршчыкаў.

У кампанію назірання "Праваабаронцы за свабодныя выбары" ўваходзяць закрыты ўладамі праваабарончы цэнтр "Вясна" і рэспубліканскае праваабарончае грамадскае аб'яднанне "Беларускі Хельсінкскі камітэт".

Назіральнік Валянціна Свяцкая на ўчастку для галасавання № 28 Трактаразаводскай выбарчай акругі № 57 Мінска звярнула ўвагу на некалькі мужчын, у якіх пазнала тых, хто прыходзіў галасаваць днём раней, паведамляе праваабарончы сайт spring96.org.

Адзін з іх меў характэрную запамінальную знешнасць, таму памыліцца было немагчыма. Назіральнік рашуча запатрабаваў, каб яны пакінулі памяшканне для галасавання. Адзін з іх сышоў, так і не атрымаўшы ў другі раз бюлетэнь для галасавання.

Старшыня Аб'яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька 14 лютага заўважыў на адным з выбарчых участкаў акругі ў Цэнтральным раёне Мінска, па якой балатуецца намеснік старшыні АГП Мікалай Казлоў, групу з сямі жанчын, якіх арганізавана прывезлі мікрааўтобусам да гімназіі № 34.

Убачыўшы, што Лябедзька здымае відэа на тэлефон, жанчыны пачалі адварочвацца ад камеры і разыходзіцца. "Сем жанчын арганізавана прагаласавалі ў гімназіі № 34 і чакалі, калі іх падхопіць бусік ... Некаторыя рэціраваліся бегам", — напісаў ён на сваёй старонцы ў "Фэйсбуку".

"Такім чынам, на выбарах у мясцовыя саветы сустракаецца не толькі прымус студэнтаў і супрацоўнікаў да датэрміновага галасавання, але і такая мудрагелістая схема, у якую ўцягнутыя нейкім чынам таксама і члены ўчастковых камісій", — адзначаюць праваабаронцы.

Асноўны дзень галасавання на мясцовых выбарах — 18 лютага.
Сяргей Каралевіч, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2019 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН