Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2018/02/15/943073_12345/
Дата раздрукоўкі: 25.05.2020 01:55
15.02.2018 17:52 Грамадства, Культура

Пасол Швецыі Крысціна Ёханесан: Мне вельмі падабаецца беларуская мова

Мінск, 15 лютага. Рэгіянальныя фіналы рэспубліканскага конкурсу "Чытаем па-беларуску з velcom" стартавалі па ўсёй краіне 15 лютага, паведамілі БелаПАН у прэс-службе мабільнага аператара.

Ініцыятарам праекта па папулярызацыі беларускай літаратуры і конкурсу выступае кампанія velcom пры падтрымцы Міністэрства адукацыі. Удзельнікамі праекта "Чытаем па-беларуску з velcom" у гэтым сезоне сталі вучні 7—8 класаў школ і гімназій. На працягу двух месяцаў удзельнікі запісвалі відэа, на якіх чыталі творы беларускай літаратуры, і выкладвалі іх на свае асабістыя старонкі ў сацыяльных сетках. Школьнікі з усёй Беларусі даслалі на конкурс больш за дзве тысячы відэа агульнай працягласцю больш за 45 гадзін. Па выніках першага этапу журы вызначыла па 30 лепшых чытальнікаў з кожнай вобласці і горада Мінска. Са сталіцы на конкурс паступіла 326 відэапрац. У выніку пяцёра пераможцаў рэгіянальнага этапу ўзнагароджаныя смартфонамі і будуць прадстаўляць Мінск у вялікім рэспубліканскім фінале конкурсу, які адбудзецца ў маі.

У склад журы першага рэгіянальнага фіналу ўвайшлі пісьменнік, рэдактар часопіса "Вясёлка" Уладзімір Ліпскі, пісьменніца Раіса Баравікова, начальнік аддзела карпаратыўных камунікацый кампаніі velcom Вячаслаў Смірноў, прадстаўнік камітэта па адукацыі Мінгарвыканкама Вольга Кандрацьева, паэтка Маргарыта Латышкевіч, а таксама спецыяльны госць — пасол Швецыі ў Беларусі Крысціна Ёханесан. Раней дыпламат далучылася да акцыі і чытала вершы па-беларуску.

"Мне вельмі падабаецца беларуская мова. Дзякуй удзельнікам конкурсу за тое, што пазнаёмілі мяне з беларускай паэзіяй, — адзначыла яна 15 лютага. — Ад сябе асабіста і ад іншых паслоў я б хацела падзякаваць арганізатарам за тое, што нас запрасілі падтрымаць ініцыятыву "Чытаем па-беларуску з velcom" і прачытаць творы беларускіх аўтараў".

У межах другога этапу конкурсу ў лютым—красавіку пройдуць яшчэ шэсць рэгіянальных фіналаў. Пяці лепшым юным чытальнікам краіны па яго выніках будуць уручаны смартфоны Apple.
Аляксей Аляксандраў, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2020 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН

.239