Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2018/02/15/943122_221456/
Дата раздрукоўкі: 27.05.2019 07:09
15.02.2018 20:54 Спорт

Лукашэнка падтрымаў прапанову ўвесці адзіную методыку падрыхтоўкі юных футбалістаў

Мінск, 15 лютага. У Беларусі плануецца ўвесці адзіную методыку падрыхтоўкі юных футбалістаў. Такое рашэнне прынятае паводле вынікаў дакладу Аляксандру Лукашэнку аб падрыхтоўцы трэнерскіх кадраў і развіцці дзіцяча-юнацкага футбола.

На нараду былі запрошаныя старшыня праўлення Банка развіцця і кіраўнік асацыяцыі "Беларуская федэрацыя футбола" Сяргей Румас, яго намеснік у АБФФ Юрый Курбыка, а таксама аўтарытэтныя беларускія трэнеры — Cяргей Бароўскі, Эдуард Малафееў і Людас Румбуціс.

Як паведамляе прэс-служба прэзідэнта, рабочая сустрэча стала працягам размовы, якая адбылася паміж Лукашэнкам і вядомымі футбольнымі настаўнікамі Беларусі на ўрачыстым мерапрыемстве з нагоды прыбыцця ў Мінск Кубка свету ФІФА. Тады спецыялісты расказалі кіраўніку дзяржавы аб сваім бачанні праблем у гэтым відзе спорту, і ён паабяцаў найбліжэйшым часам надаць тэме неабходную ўвагу.

"Я проста хачу пабудаваць нашу гутарку з пытання, ці не сорамна вам за той стан футбола, які мы сёння маем у краіне? Напэўна, павінна быць сорамна", — сказаў Лукашэнка.

Ён звярнуў увагу, што дзяржава робіць усё для развіцця гэтага віду спорту. Курыруе гэты напрамак кіраўнік найлепшага ў краіне банка, які паспяхова рэалізуе самыя розныя праекты. "Адзіны праект, правалены ім, — гэта футбол. А вы дзе былі? Ён жа, груба кажучы, у вас "крыша" — падстрахаваць, арганізаваць, яшчэ нешта. А вырашаць праблемы ёсць каму", — лічыць беларускі кіраўнік.

Лукашэнка заўважыў, што няўдала выступае не толькі асноўная дружына Беларусі, але і маладзёжныя зборныя. "Усюды правал. Самы масавы, самы любімы від спорту, для якога, па вялікім рахунку, каб навучыцца гуляць, нічога не трэба", — канстатаваў ён.

Кіраўнік дзяржавы расказаў, што ў часы юнацтва вельмі любіў футбол, перажываў за гэты від спорту і імкнуўся гуляць у яго. Справа даходзіла да таго, што яму па начах даводзілася зашываць мячы: магчымасці рэгулярна набываць новыя не было. "Калі б так спартсмены ставіліся да спорту, мы чэмпіёнамі свету былі б, — перакананы Лукашэнка. — Хто ў нас так ставіцца сёння? І я не адзін тады такім быў, такія часы былі".

Многія беларускія футбалісты ў той час былі легендамі, адзначыў кіраўнік дзяржавы. "Дзе яно ўсё цяпер? Яго няма, таму што няма трэнера — няма спорту. Ды і арганізоўваць трэба і пытацца: колькі ты выкрышталізаваў у грамадстве такіх хлапчукоў, у школьным узросце? Шчэрбу (савецкі і беларускі гімнаст, шматразовы алімпійскі чэмпіён) дзе знайшлі? У дзіцячым садзе", — звярнуў увагу Лукашэнка.

Ён упэўнены: дасведчаны трэнер зможа разгледзець у дзіцяці будучага спартсмена. Аднак потым з ім трэба працаваць, трэніраваць — і будзе толк. "Вось чаго нам не хапае", — лічыць Лукашэнка.

Акрамя таго, неабходна рэарганізаваць Беларускую федэрацыю футбола. "Трэба знайсці талковых людзей, стварыць добрую федэрацыю, якая будзе дапамагаць, кантраляваць, падтрымліваць, і ўзяць на кантроль трэнераў", — паставіў задачу кіраўнік дзяржавы.

Удзельнікі нарады падалі свае ідэі аб развіцці футбола ў Беларусі. У прыватнасці прагучала прапанова ўвесці адзіную методыку падрыхтоўкі юных футбалістаў. Лукашэнка падтрымаў гэтую ініцыятыву і даручыў АБФФ заняцца прапрацоўкай пытання.
Аляксей Арэшка, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2019 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН