Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2018/02/15/943133_201478/
Дата раздрукоўкі: 23.09.2020 09:51
15.02.2018 21:49 Эканоміка, Палітыка

Расію не задавальняюць прапановы Беларусі аб цане газу на 2020—2024 гады

Мінск, 15 лютага. Беларускі бок падаў расійскаму свае прапановы аб цане на газ у 2020—2024 гадах — Расію яны не задавальняюць, паведаміў у межах Расійскага інвестыцыйнага форуму ў Сочы віцэ-прэм'ер РФ Аркадзь Дварковіч.
"Беларускія калегі падалі праекты дакументаў, нас яны не задавальняюць. Мы, у прынцыпе, лічым, што вялікага спеху няма, і можна канчатковае вырашэнне пытання [аб кошце газу на 2020—2024 гады] адкласці на пачатак наступнага года", — сказаў Дварковіч ў інтэрв'ю ТАСС. Пытанне аб адзіным рынку газу таксама прапануецца абмяркоўваць у наступным годзе, дадаў віцэ-прэм'ер.

Дварковіч нагадаў, што дамоўленасці паміж Расіяй і Беларуссю па цане на газ, якія склаліся летась, дзейнічаюць да 2019 года ўключна.

"Спяшацца не трэба. Але я разумею беларускіх калегаў, якія хочуць хутчэй зафіксаваць сітуацыю, таму кансультацыі працягваюцца. Паўтараю, пакуль мы не лічым, што ёсць неабходнасць паскарэння вырашэння гэтай праблемы", — дадаў віцэ-прэм'ер.

Што да адзінага рынку газу, то ў расійскага боку зараз няма поўнай пэўнасці адносна ўласных планаў па ўнутраным рынку. "Ёсць розныя прапановы, у "Газпрома" і Мінэнерга, шмат нюансаў. Мы яшчэ не вызначыліся, а гэта непасрэдна ўплывае на нашу пазіцыю па адзіным, або агульным, рынку", — падагульніў Дварковіч.

Як паведамляў БелаПАН, тэму беларуска-расійскіх перамоў па методыцы цэнаўтварэння на газ у 2020—2024 гадах узняў намеснік прэм'ер-міністра Беларусі Уладзімір Сямашка, выступаючы 20 снежня 2017 года з дакладам на сумесным пасяджэнні дзвюх палат парламента.

"Па газе мы вырашылі праблему, як кажуць у народзе, напалову, — сказаў Сямашка. — Мы вырашылі праблему аб'ёмаў на 2017—2019 гады. Сёлета цана складае 143,6 долара за тысячу кубаметраў. У 2018 годзе ў нас ідзе зніжэнне, мы будзем мець фіксаваную цану ў 129 долараў, у 2019-м — 127 долараў за тысячу кубаметраў".

Паводле слоў Сямашкі, зараз Беларусь і Расія вядуць перамовы аб далейшай методыцы фармавання цаны на газ, каб да 1 студзеня 2025 года прыйсці да адзінага рынку газу. Фармаванне адзінага газавага рынку прадугледжанае дакументамі аб стварэнні Еўразійскага эканамічнага саюза, падпісанымі 29 мая 2014 года, нагадаў віцэ-прэм'ер.

"Я так разумею, што пры адзіным рынку газу цана для Беларусі павінна быць прыкладна такая ж, як у Смаленскай або Бранскай губернях Расійскай Федэрацыі. Сёння пакуль у нас ідзе цана газу на мяжы з павышальным каэфіцыентам 2,06", — паведаміў Сямашка.
Аляксей Арэшка, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2020 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН

.239